У «Мары» свой прафсаюз

Ахова працы Прафсаюзы

img_3134-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8cПершая ў нашым раёне пярвічная прафсаюзная арганізацыя ў сферы прыватнага сектара эканомікі  была зарэгістравана   нядаўна ў магазіне «Мара” (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Аксігандль”). Напярэдадні стварэння сваёй “пярвічкі” у калектыве адбыўся сход, на якім было прынята рашэнне ўступіць у прафсаюз. Ініцыятыву раённага аб’яднання прафсаюзаў  падтрымала дырэктар ПУП “Аксігандль” Рыма Леанідаўна Вашыткевіч. Старшынёй прафкама абрана загадчыца магазіна Вольга Вячаславаўна Пінчук.

Як паведаміў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін, стварэнне прафсаюзных арганізацый ва ўстановах і на прадпрыемствах прыватнага сектара садзейнічае аб’яднанню калектыва, пры гэтым яго работнікі атрымліваюць магчымасць карыстацца дадатковымі гарантыямі і льготамі. Сярод якіх скідкі на аздараўленне ў санаторыях федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і бясплатныя юрыдычныя кансультацыі.   Так работнікі калектыву, а таксама іх дзеці, якія праходзяць аздараўленне ў прафсаюзных санаторыях, атрымліваюць скідку ад агульнага кошту пуцёўкі ў памеры 25 працэнтаў. Цікавай з’яўляецца і новая ініцыятыва прафсаюзаў па аказанні бясплатнай прававой дапамогі на месцах.  У наш гарадскі пасёлак  кожны месяц  прыязджаюць спецыялісты, якія  праводзяць неабходныя людзям юрыдычныя кансультацыі і  растлумачваюць нормы дзеючага заканадаўства.

А галоўнае, што ўтварэнне пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ў калектыве прадугледжвае заключэнне калектыўнага дагавора (і далейшы кантроль яго выканання), у якім шырока прымяняюцца нормы “сацыяльнага пакета”, прапісваюцца дадатковыя гарантыі, кампенсацыі, ільготы і выплаты. Зараз у калектыве прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Аксігандль” распрацоўваецца праект будучага калектыўнага дагавора, у якім будуць улічвацца інтарэсы сацыяльных партнёраў.

У магазіне “Мара”  на сённяшні дзень працуюць 9 чалавек, у ліку якіх  дырэктар, бухгалтар, 6 прадаўцоў і адзін тэхнічны работнік.

— У нашым гандлёвым аб’екце ў шырокім асартыменце прадстаўлены выбар тавараў штодзённага попыту,- паведаміла дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Аксігандль” Рыма Леанідаўна Вашыткевіч.- Гэта малочныя, мясныя, каўбасныя і рыбныя прадукты, паўфабрыкаты, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, дзіцячае харчаванне, сокі, напіткі, садавіна і многае іншае. Акрамя гэтага ў магазіне можна набыць сродкі асабістай гігіены і бытавой хіміі. Заключаны дамоўленасці з вялікай колькасцю пастаўшчыкоў. Наша “Мара” прапануе бацькам значны выбар прадукцыі дзіцячага харчавання гандлёвых марак Белакт, Нэстле, Агуша, Бамбаліна , Непаседа, Таптыжка імногіх іншых. Для дзіцячых прадуктаў адведзены асобныя паліцы, што  дазваляе пакупнікам хутка і зручна выбіраць неабходны тавар. Вялікую ўвагу мы надаём выбару прадуктаў для здаровага або правільнага харчавання. Шырокі асартымент прадукцыі здаровага харчавання, а таксама прадукты для дыябетыкаў прадстаўлены на асобных стэлажах. Пры арганізацыі сваёй гандлёвай дзейнасці ўлічваем пакупніцкі попыт,  пажаданні і прапановы нашых наведвальнікаў, прымаем індывідуальныя заказы і рэгулярна прапануем шаркаўчанам навінкі ад розных гандлёвых марак. Стараемся працаваць так, каб у людзей быў дастатковы выбар усёй неабходнай прадукцыі, а таму і на адсутнасць пакупнікоў не скардзімся. Спадзяёмся, што  з’яўленне прафсаюзнай арганізацыі яшчэ больш аб’яднае наш калектыў і станоўча паўплывае на рэзультаты работы ўсіх яго супрацоўнікаў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *