Чарговы этап вайны з агароджамі ў Шаркаўшчыне

Актуальное

Пра тое, што прыгожыя жалезабетонныя агароджы камусьці перашкаджаюць жыць — тэма не новая. Крышаць, ламаюць, скідваюць у прыдарожныя канавы. Аб многіх такіх выпадках мясцовыя журналісты расказвалі рэгулярна. А які вынік пасля публікацый? Практычна ніякіх станоўчых зрухаў у барацьбе з ламальнікамі агароджаў няма. Не даходзіць да некаторай часткі насельніцтва друкаванае слова. А меры ж патрэбна прымаць адэкватныя. Паламаў — адказвай па ўсёй строгасці закона.
Па завулку да будынка рэдакцыі ўстаноўлена 50 жалезабетонных пралётаў. Не паленаваўся і падлічыў, што рукамі, нагамі ці нават галавой праціўнікі прыгажосці паламалі 10. А ноччу ці вечарам 20 снежня ў рызыкоўных хлопцаў (хутчэй за ўсё) накапілася столькі негатыўнай энергіі, што яе хапіла каб не толькі зламаць, а і вывернуць пліту з стоўбікаў. Вось такі малюнак (на здымку) давялося назіраць наступнай раніцай. Канкрэтнага віноўніка, безумоўна, няма.
Ведаю, што калі дадзеныя радкі трапяцца на вочы парушальніку, то, карыстаючыся беспакаранасцю, ён паспрабуе, нібы благі кот, нашкодзіць яшчэ больш. Але ж у нас ёсць і адпаведныя органы, у чые абавязкі ўваходзіць барацьба з такімі нядобрасумленнымі людзьмі. Таму і просьба да супрацоўнікаў міліцыі. Давайце аб’яднаем намаганні. Прыкладзіце крыху больш настойлівасці і ўстанавіце хаця б некалькі асоб. Ды прымусім іх не толькі заплаціць за бяздумны ўчынак, а і ўласнымі рукамі пацягаць жалезабетонныя пліты, устанавіць іх на месца, пафарбаваць за свой кошт. А мы буйным планам пакажам нашаму грамадству такога “героя”, агучым суму штрафу, кошт выкананых работ. Магчыма, такая мера паўплывае на іншых. Бо калі нічога не рабіць, то вельмі хутка мы будзем “любавацца” толькі агароджай, якая ляжыць у кювеце.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *