
Непрыкметна перагортвае снежань свае апошнія лісткі календара. Зусім хутка мы будзем адзначаць калядныя і навагоднія святы. А якія ж яны без падарункаў, сюрпрызаў і, канечне ж, зялёнай лясной прыгажуні ёлкі?
З 20 снежня на аўтамабільнай пляцоўцы па вуліцы Вакзальнай у гарадскім пасёлку пачалі прадаваць насельніцтву ёлкі. Першымі свой тавар прывезлі ў Шаркаўшчыну работнікі Новапагосцкага лясніцтва. Кошт на іх розны. Да аднаго метра ёлачка будзе каштаваць пакупніку 7 рублёў, ад метра да двух — 9, а за трохметровае дрэўца трэба будзе заплаціць 12 рублёў.
Дарэчы, рэалізацыяй навагодніх ёлак і соснаў па вызначаных днях у раённым цэнтры, як і ў мінулыя гады, будуць займацца таксама Полаўскае, Іёдскае, Германавіцкае і Лужкаўскае лясніцтвы. Яшчэ ёсць час скарыстаць цудоўную магчымасць і набыць гэты нязменны атрыбут навагодніх свят. Тым больш, што вялікая разнастайнасць ёлак і соснаў можа задаволіць любога пакупніка.
Сяргей РАЙЧОНАК.