Іх праца нялёгкая, цяжкая вельмі,
Ім трэба за ўсіх раней устаць да зары.
Жанчыны-даяркі, прафесіі верныя,
Рупліва шчыруюць, каб малако мелі мы.
Праца аператараў машыннага даення — адна з самых складаных у сельскагаспадарчай галіне. Яны першымі ў вёсцы прачынаюцца і крочаць на малочнатаварную ферму, каб накарміць і падаіць статак кароў. Удвая работа складаней тым, што даяркамі пераважна з’яўляюцца жанчыны. Але менавіта гэта акалічнасць гаворыць пра тое, што толькі жаночы душэўны падыход да дадзенай работы можа прынесці станоўчыя вынікі.
У пяты раз у нашым раёне праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства маладых аператараў машыннага даення. Сёлета яго пляцоўкай стала малочнатаварная ферма “Пялікі” ААТ “Даватарскі”. Паўдзельнічаць у выпрабаваннях далі згоду сем маладых даярак сельгаспрадпрыемстваў раёна. Гэта Кацярына Паклікаева з ААТ “Жвіранка”, Вольга Хаданёнак з ААТ “Даватарскі”, Надзея Раманоўская з ААТ “Васюкі”, Анастасія Пісарэнка з ААТ “Княж”, Надзея Катовіч з КУВСП імя Маркава, Алена Смерцева з ААТ “Буеўшчына” і Алёна Яфімава з ААТ “Агратэхсэрвіс”. Кожная з удзельніц загадзя рыхтавалася да конкурсу, а непасрэдную дапамогу ім аказалі спецыялісты па рабоце з моладдзю і загадчыкі малочнатаварных ферм сельгасарганізацый.
У пачатку намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў прадставіў прысутным журы. Галоўным суддзёй з’яўляўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Іванавіч Зубовіч, а суддзямі сталі ветурач райветстанцыі Лідзія Вітальеўна Брэская і лабарант гэтай жа ўстановы Людміла Палікарпаўна Гром.
Крыху сарамліва ўдзельніцы выступалі ў першым выпрабаванні, дзе трэба было па чарзе прадставіць свае форму і эмблему, таксама агучыць дэвіз. У кожнай атрымалівалася па-рознаму, і гэта асабліва спадабалася суддзям і прысутным. Перамогу тут заваявала Вольга Хаданёнак.
Больш складаным стаў тэарэтычны конкурс. Дзяўчатам раздалі лісты, на якіх утрымліваліся пытанні па жывёлагадоўлі, а іх было ажно 64. Некаторыя хуценька спраўляліся з заданнямі, іншым патрабавалася больш часу для напісання правільных адказаў. Лепшай на гэтым этапе аказалася Кацярына Паклікаева.
Пасля тэорыі перайшлі да практыкі. У трэцім выпрабаванні трэба было на хуткасць і правільную паслядоўнасць разабраць і сабраць пульсатар — адзін з элементаў даільнага апарата. Маладыя рукі дзяўчат умела спраўляліся з гэтым выпрабаваннем. Самыя хуткія выканалі заданне за 29—30 секунд, больш памяркоўныя і разважлівыя паказалі час у 40-48 секунд. А перамога тут дасталася Надзеі Раманоўскай.
У апошнім, чацвёртым, этапе дзяўчаты-ўдзельніцы, узяўшы ў рукі даільныя апараты і ўвесь патрэбны для гэтага працэса інвентар, накіраваліся ў кароўнік. Галоўны заатэхнік ААТ “Даватарскі” Аляксандр Віктаравіч Шпец нагадаў, у якой паслядоўнасці павінна быць праведзена даенне кароў, а суддзі конкурсу пільна сачылі за даяркамі. І хоць вядома, што любая жывёла прывыкае да таго чалавека, які з ёй найчасцей знаходзіцца побач, дзяўчаты змаглі знайсці свой падыход да рагуль з чужога статка і без асаблівых цяжкасцей за пэўны прамежак часу завяршылі працэс даення. На гэтым этапе першынствавала Надзея Катовіч.
Пасля падвядзення вынікаў самым хвалюючым момантам стала агучванне вынікаў конкурснага спаборніцтва. Найбольшую колькасць балаў набрала Кацярына Паклікаева з ААТ “Жвіранка”. Яна стала пераможцай юбілейнага раённага конкурсу профмайстэрства сярод маладых аператараў машыннага даення. Крыху адстала ад яе Вольга Хаданёнак, якая прадстаўляла ААТ “Даватарскі” і заняла другое месца. “Бронзу” раённага конкурсу павезла з сабой аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства “Васюкі” Надзея Раманоўская. Пераможца і прызёры спаборніцтва атрымалі ад арганізатараў дыпломы, грашовыя прэміі і пачулі словы вялікай удзячнасці за сваю нялёгкую, але вельмі карысную для грамадства працу. Бо менавіта дзякуючы аператарам машыннага даення кожны з нас мае магчымасць мець на стале малако і шматлікія прадукты, вырабленыя з яго.
Па ўмовах конкурсу наступнае раённае спаборніцтва прыме ААТ “Жвіранка”, прадстаўніца якога атрымала сёлета перамогу.
Сяргей РАЙЧОНАК.























