Пра арганізацыю працы на жывёлагадоўчым комплексе па дарошчванню і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

загадчык комплексу Міхаіл Лысёнак (крайні справа) з даглядчыкамі Ірынай Чыслаўскай, Маяй Пяцько і ветурачом Таццянай Шышко расказваюць аб перавагах змешвальніка пры прыгатаванні пойла

У час правядзення выязной калегіі ўпраўлення райсельгасхарчу яго ўдзельнікі наведалі жывёлагадоўчы комплекс па дарошчванню і адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Агратэхсэрвіс”. Тут на ўтрыманні 2400 кормнікаў рознага ўзросту.
Сёння ж хочацца завастрыць увагу на тым, як арганізавана выпайка цялят ва ўзросце ад 20 дзён да 6 месяцаў. Аб важнасці гэтай даволі далікатнай справы гаварыць можна шмат, бо менавіта ў такім узросце няякасным кармленнем можна сапсаваць страўнікава-кішачны тракт жывёліны. А потым, нават пры правядзенні неабходнага ветэрынарнага лячэння, высокіх прываг не атрымаеш. На комплексе ж імкнуцца давесці іх у бліжэйшы час да аднаго кілаграма за суткі на кожным кормніку.
У трэцім цэху ўтрымліваецца 240 цялятак ад 20 дзён да 6 месяцаў. Прывозяць іх сюды пасля ад’ёму з іншых жывёлагадоўчых ферм гаспадаркі. Своеасаблівая канцэнтрацыя пагалоўя, як гэта і прадугледжвае інтэнсіфікацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. Даглядаюць маладняк Ірына Чыслаўская і Мая Пяцько, неабходны ветэрынарны догляд за Таццянай Шышко. Усе стараюцца, каб своечасова накарміць і напаіць жывёлу згодна з распрацаваным рацыёнам. Адно з яго складаемых — пойла на аснове заменніка цэльнага малака.

слаўныя падрастаюць цяляткі

Удзельнікі нарады змаглі пераканацца, што на комплексе, якім загадвае Міхаіл Лысёнак, дбаюць аб аблягчэнні працы даглядчыкаў. Раней пойла рыхтавалі ўручную. Цяпер зманціравалі малазатратны электрычны змешвальнік. Усё проста. Мяшок ЗЦМ вагой 25 кілаграмаў засыпаецца ў бак ёмістасцю на 200 літраў. Заліваецца вадой (60 градусаў) і размешваецца ўсяго за пяць мінут. Потым дабаўляецца халоднай вады з такім разлікам, каб тэмпература пойла была 30 градусаў. Праўда, падрыхтаваны цёпленькі раствор даводзіцца пакуль што разносіць уручную, а гэта ў сярэднім 800 літраў за дзень, але тут ужо мяркуюць мадэрнізаваць аперацыю, працягнуўшы па цялятніку гумовыя шлангі. Старанне і руплівасць даглядчыкаў прыносяць добры плён. Цяляты на дарошчванні прыбываюць штосутачна па 640—650 грамаў.
Улічваючы важнасць і неабходнасць укаранення сродкаў малой механізацыі, старшыня райвыканкама М. В. Морхат патрабаваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў вырабіць неабходную іх колькасць, устанавіць на жывёлагадоўчых фермах і праінфармаваць аб зробленым.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *