Работнікі культуры і самадзейныя артысты падрыхтавалі для шаркаўчан у час навагодніх святаў тэатралізаваны канцэрт “Валёнкі” (рэжысёр — Аксана Міронава), які прайшоў 25 снежня ў раённым Цэнтры культуры.
Згодна з сюжэтам напярэдадні Новага года ў Дзеда Мароза скралі валёнкі. Да пошукаў гэтага патрэбнага атрыбута далучыліся міліцыянер, Баба Яга і іншыя. Гледачам, безумоўна, запомніліся вясёлыя і каларытныя вобразы, створаныя Аляксандрам Магаліцкім, Таццянай Крыўко, Жаннай Пундзіс, Вадзімам Казлоўскім, Міхаілам Пугаўкам, Таццянай Лаздоўскай.
А ў перапынках паміж дзеяннем гледачоў чакалі танцавальныя і цыркавыя нумары, папулярныя песні ў выкананні нашых артыстаў. Выступленні эстраднай студыі “Карамелькі”, узорнага тэатра песні “Маленькая фея”, розных узроставых груп усходняга танца, узорнага цыркавога калектыву “Мара”, вучняў раённай Дзіцячай школы мастацтваў (танец “Валёнкі”), Марыны Катовіч, Надзеі Гарбачонак, Крысціны Шуман, Алесі Русецкай, Юліі Гірстун, Уладзіміра Касцюкевіча зрабілі мерапрыемства па-святочнаму яскравым і запамінальным. А гледачы шчыра аддзячылі апладысментамі за падораны канцэрт.
Андрэй БУРЭЦ, фота Алены АНАНІЧ.

















































