У званні маёра унутранай службы пайшоў на заслужаны адпачынак начальнік караула ПАВЧ № 1 Андрэй Ліпскі

Служба 101

начальнік Шаркаўшчынскага РАНС А. М. Федуковіч віншуе А. М. Ліпскага

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях у апошні час становіцца ўсё больш маладых супрацоўнікаў, хто толькі пасля заканчэння профільных ВНУ ці пасля тэрміновай службы ў арміі, вырашыў звязаць сваё жыццё з прафесіяй сапраўдных мужчын. Пакаленне вопытных прафесіяналаў, з годнасцю выканаўшы абавязак і перадаўшы маладому папаўненню вопыт і ўменне, звальняецца ў запас.

У канцы снежня афіцэры і асабовы склад Шаркаўшчынскага РАНС ва ўрачыстай атмасферы праводзілі на заслужаны адпачынак начальніка караула ПАВЧ № 1 Андрэя Міхайлавіча Ліпскага.

— Паважаны Андрэй Міхайлавіч, ад імя Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ад сябе асабіста дзякую вам за самаадданую шматгадовую службу, накіраваную на папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, — сказаў начальнік РАНС Андрэй Мечыслававіч Федуковіч. — Шчыра жадаю шчасця, здароўя, поспехаў вам і вашым блізкім, дабрабыту, пазітыўнага настрою і доўгіх год жыцця!

Уся службовая дзейнасць А. М. Ліпскага прысвечана службе выратавальніка-пажарнага. Яго працоўны шлях пачынаўся з пасады камандзіра аддзялення аддзельнага паста ваенізаванай пажарнай службы в. Лужкі, а пасля, да выхаду на заслужаны адпачынак, Андрэй Міхайлавіч служыў начальнікам караула ў гарадскім пасёлку.

— Загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь 23 снежня 2016 года Андрэю Міхайлавічу Ліпскаму прысвоена чарговае спецыяльнае званне “маёр унутранай службы”, — агучыў змест загаду А. М. Федуковіч. — Ваша нястомная служба на карысць жыцця і дабрабыту насельніцтва з’яўляецца яркім прыкладам для маладога папаўнення сённяшніх супрацоўнікаў аддзела. Дзякуй за службу, таварыш маёр!

Сяргей РАЙЧОНАК.img_4733img_4731



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *