Сёлета ў Лонскай навучальнай установе пачалі працаваць два маладыя спецыялісты — Марыя Седзюкевіч і Алеся Маляўка

Актуальное

Марыя Седзюкевіч

Моладзі ў Шаркаўшчынскім раёне ўдзяляецца шмат увагі. Карэспандэнты “Кліч Радзімы” рэгулярна бываюць у калектывах, затым у свет выходзяць іх публікацыі як пра вопытных работнікаў, так і пра маладых спецыялістаў. Героямі дадзенага матэрыялу сталі маладыя спецыялісты — педагогі Лонскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-базавая школа.
Марыя Седзюкевіч і Алеся Маляўка — сёлетнія выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Па размеркаванні дзяўчаты прыехалі працаваць на радзіму — у Шаркаўшчынскі раён (Марыя родам з райцэнтра, Алеся — з Зоркі). На жнівеньскай нарадзе настаўнікаў адбылося прадстаўленне маладых спецыялістаў. Дарэчы, Алеся была вядучай гэтага буйнешага раённага педагагічнага форуму.
І вось з 1 верасня распачаліся працоўныя будні. Дзяўчатам пашанцавала, што яны трапілі працаваць у адну школу. Алеся (зараз ужо Алеся Уладзіміраўна) выпускніца Зоркаўскай СШ. Яе любімая настаўніца Жанна Паўлаўна Буда стала прыкладам сапраўднага педагога. Пад яе ўплывам Алеся паступіла на біяфак. Зараз выкладае біялогію, хімію, геаграфію.
Марыя (ці зараз Марыя Пятроўна) вучылася ў Шаркаўшчынскай СШ № 1. Любоў да матэматыкі нарадзілася пад уплывам настаўніцы Галіны Мікалаеўны Стаўманенка. Зараз Марыя атрымлівае другую вышэйшую адукацыю: вучыцца на эканаміста ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Абедзвюм настаўніцам падабаецца іх праца, падабаецца, што працоўную дзейнасць пачынаюць у сельскай школе. “Тут класы невялікія, і дзеці больш дысцыплінаваныя, чым гарадскія”, — адзначыла Алеся Маляўка.
Адразу дзяўчаты знайшлі падтрымку ў старэйшых калег. Усю неабходную дапамогу аказвае дырэктар Ірына Алімпіеўна Стрыленка. Ёсць у іх куратары: у Алесі — Яўгеній Яўгенавіч Цітовіч, у Марыі — Ніна Іванаўна Траба.
—    У пачатку баялася, што не змагу дзецям усё растлумачыць, даходліва данесці інфармацыю, — дзеліцца думкамі Марыя Седзюкевіч. — Зараз вучні такія дапытлівыя.
Калегу дапаўняе Алеся: “Ва ўніверсітэце мы атрымалі шмат інфармацыі, якую трэба перадаваць дзецям. Люблю працаваць у старэйшых класах. Адзначу васьмікласнікаў, якія імкнуцца да ведаў: Арцём Страленка, Віця Фурс, Анжаліка Куронак, Вадзім Мялюшка”. Дарэчы, у гэтых дзяцей нядаўна класным кіраўніком прызначана Марыя Пятроўна.
Увогуле, Марыя сур’ёзна падыходзіць да справы, як любы матэматык. У кабінеце — 5 камп’ютараў. Гэтага дастаткова, каб з класам праводзіць урок. Цікава праходзіць інфарматыка. У вольны час і ў суботу вучні займаюцца самаўдасканаленнем — працуюць на камп’ютарах, карыстаюцца агульнаразвіваючымі праграмамі.

Алеся Маляўка

Кабінет біялогіі, дзе гаспадыняй Алеся Уладзіміраўна, патанае ў зеляніне. “Кветкі — гэта прыгажосць, — уводзіць у курс справы малады спецыяліст. — А таксама ў нас ёсць жывы куток. Усё гэта створана для дзяцей, для гарманічнага развіцця юнай асобы”.
Па словах дырэктара І. А. Стрыленка, маладыя спецыялісты вельмі актыўныя, іх не трэба двойчы аб чымсьці прасіць. Алеся і Марыя арганізоўваюць школьныя святы. Алеся была аўтарам ідэі правядзення Дня настаўніка, свята ўраджаю, Марыя арганізоўвала свята першага званка, Дзень маці.
Пасля напружанага працоўнага дня (а для маладога спецыяліста гэта каласальная нагрузка) дзяўчаты вяртаюцца дадому — разам жывуць. (Дарэчы, яны забяспечаны палівам на зіму.) На гэтым працоўны дзень настаўніка не заканчваецца — трэба рыхтавацца да заўтрашніх урокаў: — планы, творчыя распрацоўкі, дадатковыя заняткі. Плюс грамадская нагрузка. Але Марыя з Алесяй поўныя энергіі і працуюць з энтузіязмам. Па словах дзяўчат, ім падабаецца настаўніцкая дзейнасць. Ды і ў калектыве знайшлі ўзаемаразуменне. А гэта галоўнае для маладога спецыяліста. Задача любога кіраўніка — стварыць такія ўмовы, каб малады спецыяліст застаўся надоўга ў калектыве.
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *