22 снежня на сустрэчы з кіраўніком раёна М. В. Морхатам калектыў ПМК-68 абмеркаваў надзённыя пытанні

Актуальное

будаўнічая брыгада ў складзе Андрэя Сініцы, Аляксандра Жалудкевіча (брыгадзір), Аляксандра Лысёнка, Віктара Кукуця, Анатолія Мароза і Юрыя Цітовіча займаецца мантажом тэхналагічнага абсталявання

ПМК-68 — адна з лепшых будаўнічых арганізацый у трэсце “Полацксельбуд”. Такі імідж утрымлівае на працягу некалькіх год. Зусім не выпадкова на базе гэтай калоны праводзіліся практычныя семінары, на якіх прадстаўнікі іншых будаўнічых арганізацый мелі магчымасць азнаёміцца з арганізацыяй працы на аб’ектах, эфектыўным выкарыстаннем як магутнай тэхнікі, так і сродкаў малой механізацыі. А ўмееш працаваць — будзеш і грошы зарабляць.
Менавіта гэтае выказванне і лягло ў аснову гутаркі ў час сустрэчы старшыні райвыканкама М. В. Морхата з працоўным калектывам, якая праводзілася раніцай 22 снежня ў зале адміністрацыйнага будынка. Такой жа думкі прытрымліваецца і дырэктар арганізацыі А. Ф. Хліманкоў.
Чым займаюцца будаўнікі? Іх дзейнасць даволі шматгранная. Гэта ўзвядзенне сельскагаспадарчых аб’ектаў, інжынерных камунікацый, жыллёвае будаўніцтва. Прадпрыемства выконвае будаўніча-мантажныя і спецыялізаваныя работы, займаецца вытворчасцю жалезабетонных, бетонных і сталярных вырабаў, распілоўкай лесаматэрыялаў. Дружна і зладжана працуе калектыў, у якім амаль 250 чалавек, у тым ліку больш за 100 моладых ва ўзросце да 31 года. Ёсць на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Ды і ўмовы для высокапрадукцыйнай працы і адпачынку створаны належныя. На ўсіх аб’ектах маюцца вагон-бытоўкі, пакоі прыёму ежы, надворныя туалеты. Сацыяльная база таксама адна з лепшых у раёне.
Як і падкрэслівалася ў выступленнях М. В. Морхата і А. Ф. Хліманкова, члены калектыву адчуваюць пастаянны клопат кіраўніцтва, таму і працуюць належным чынам. Адсюль і заработная плата, якая ў сярэднім па арганізацыі за лістапад склала больш за 2 мільёны рублёў, а ў цэлым па году будзе каля 1 мільёна 800 тысяч рублёў і з’яўляецца адной з самых высокіх у трэсце.
Безумоўна, заработную плату неабходна зарабляць. Зарабляць на

ПМК-68 вядзе будаўніцтва на жывёлагадоўчым комплексе ў Пашках (ААТ "Агратэхсэрвіс")

аб’ектах. Сёлета будаўнікі працавалі на ўзвядзенні 12-кватэрнага дома ў Шаркаўшчыне, двух 60-кватэрных дамах у Глыбокім, кароўніка і малочнага блока на жывёлагадоўчым комплексе ў Пашках ААТ “Агратэхсэрвіс”, палатнага корпуса раённай бальніцы, чатырох аднакватэрных дамоў у вёсцы Буеўшчына аднайменнай гаспадаркі. Выдзеленыя сродкі асвоены не толькі поўнасцю, але зроблена нават напрацоўка наперад. Не будуць сядзець без справы і ў наступным годзе. Ад гэтым своечасова паклапацілася кіраўніцтва арганізацыі. У 2012 годзе неабходна асвоіць у сельскай мясцовасці 2 мільярды рублёў, на палатным корпусе — каля 10, на завяршэнні будаўніцтва ў Глыбокім — 15, на малочна-таварнай ферме — 17 мільярдаў рублёў. Акрамя гэтага ПМК-68 будзе аказаваць усебаковую дапамогу ў рэканструкцыі ферм і комплексаў, якая праводзіцца ў рэспубліцы згодна з патрабаваннямі кіраўніка краіны. Так што задачы перад арганізацыяй пастаўлены вялікія, але і дырэктар, і спецыялісты, і радавыя члены калектыву ўпэўнены, што такія аб’ёмы яны асвояць поўнасцю і здадуць аб’екты ў вызначаныя тэрміны і з належнай якасцю.
Мечыслаў Віктаравіч у сваім выступленні, акрамя аналізу спраў асноўнай будаўнічай арганізацыі раёна, спыніўся на пытаннях міжнародных адносін, прычынах узнікнення крызісу, дасягненнях і праліках народнагаспадарчага комплексу раёна. А на заканчэнні шчыра павіншаваў працоўны калектыў ПМК-68 з надыходзячымі святамі і пажадаў далейшых поспехаў на будаўнічых пляцоўках раёна.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *