Незвычайная ёлка ўпрыгожвае сёлета цэнтр Шаркаўшчыны

Актуальное

зблізу становіцца відаць, што навагодняя ёлка складаецца з мноства ёлачак

Які ж Новы год без ёлкі? Лясная прыгажуня становіцца неабходным атрыбутам свята дома, на рабоце. Ну і канешне, у кожным горадзе і мястэчку Беларусі дзесьці ўжо ў сярэдзіне снежня пачынае ўпрыгожваць плошчы вялізная, самая галоўная ёлка. Не выключэнне і Шаркаўшчына. Па традыцыі, галоўная навагодняя ёлка райцэнтра размясцілася каля  Дома культуры. Толькі яна сёлета ў нас незвычайная. Дакладней сказаць, гэта ёлка-канструктар, складзеная з мноства  маленькіх ёлачак. Чаму было вырашана зрабіць так, нам растлумачыў намеснік дырэктара УКП ЖКГ Васілій Іванавіч Някрасаў:
— Прычын, па якіх рашылі адысці ад традыцыйнага варыянта, некалькі: па-першае, у нашым раёне цяжка адшукаць прыгожую вялікую ёлку, па-другое, яе складана вывесці, пры транспарціроўцы ламаюцца галіны, і яна губляе сваю прыгажосць. А ідэю цяперашняга варыянта мы падгледзелі ў Віцебску, самі зрабілі канструкцыю, на якой мацуюцца ёлачкі. На яе запаўненне пайшло 86 ёлачак. Атрыманы вынік выглядае аб’ёмна, без прагалаў, прыгожа ляглі светлавыя гірлянды.
Як можна ацаніць такое новаўвядзенне? Канешне, калі глядзіш зблізку, то выглядае нязвыкла. А здалёк стройны, раўнюткі сілуэт глядзіцца вельмі прыгожа. А яшчэ прыгажэй, калі весела міргаціць ёлка каляровымі агнямі ў вечаровым змроку.
Ну і канешне, скажам пра тое, як папрыгажэў гарадскі пасёлак перад навагоднімі святамі. Хто ходзіць па вечаровых вуліцах, не будзе з гэтым спрачацца. Мігценне разнастайнай ілюмінацыі, якая багата ўпрыгожыла вуліцы мястэчка, выдатна робіць сваю справу — стварае адпаведны святочны настрой. Найбольш папрацавала для стварэння святочнай атмасферы УКП ЖКГ, свой уклад у агульную справу ўнеслі арганізацыі і прадпрыемствы раёна, якія пастараліся як лепей аздобіць свае будынкі і тэрыторыю. Ну і жыхары гарпасёлка не паленаваліся, хтосьці ўпрыгожыў светлавымі гірляндамі вокны, а хтосьці ёлачку ў сябе ў двары.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *