Ляснічаму Лужкаўскага вопытнага лясніцтва Івану Андзілеўку ўручаны медаль “За працоўныя заслугі”

Актуальное

336У Лужкаўскім вопытным лясніцтве шэраг работнікаў працуюць цэлымі дынастыямі. Гэта ж адносіцца і да ляснічага Івана Уладзіміравіча Андзілеўкі. Яго бацька сваё жыццё прысвяціў працы ў лясной гаспадарцы. Марай дзяцінства было для Івана пайсці па яго кроках, тым больш, што нарадзіўся і вырас мужчына ў вёсцы Баравое, цалкам абкружанай магутным лесам.

З той пары, калі ажыццявілася дзіцячая мара Івана, прайшло ўжо больш трыццаці год. Даўно за плячамі засталіся вучоба ў Полацкім лясным тэхнікуме, першыя крокі ў прафесіі. А пачынаў ён сваю работу ў якасці майстра лесу. Пасля малады спецыяліст загадам дырэктара Дзісненскага лясгаса быў прызначаны памочнікам ляснічага Лужкаўскага вопытнага лясніцтва. І вось ужо на працягу васямнаццаці год Іван Уладзіміравіч Андзілеўка ўзначальвае калектыў дадзенай арганізацыі.

Як нам вядома, Лужкаўскае лясніцтва з году ў год займае лідзіруючыя пазіцыі па выніках сваёй працы, з’яўляецца адным з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

— Нам пашанцавала з работнікамі, таму і вынікі маем станоўчыя, — тлумачыць Іван Уладзіміравіч. — Кожны з сумленнем і вялікай адказнасцю адносіцца да выканання сваёй работы. Наш калектыў — гэта трывалыя звенні аднаго ланцуга. Адсюль і узаемадапамога, і ўзаемавыручка, і бездакорная праца. Усё гэта разам накіравана на дасягненне пастаўленых вытворчых планаў і задач.

У сваім паслужным спісе Іван Уладзіміравіч мае шматлікія ўзнагароды ад Міністэрства лясной гаспадаркі краіны. Ён — Ганаровы лесавод Рэспублікі Беларусь. А напрыканцы мінулага года Указам Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Івану Уладзіміравічу Андзілеўку ўручаны медаль “За працоўныя заслугі”. Цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў Мінску ў Палацы Рэспублікі 28 снежня. Прэм’ер-міністр краіны Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам розных сфер.

Далучаемся да шматлікіх віншаванняў, якія Іван Уладзіміравіч прымае ў гэтыя дні і жадаем надалей новых працоўных дасягненняў і перамог!

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *