Усім вядомы ў нашым раёне і за яго межамі фатограф Шаркаўшчынскага камбіната бытавога абслугоўвання Валерый Кавалёнак у чарговы раз стаў пераможцам прэстыжнага спаборніцтва. На гэты раз ім аказаўся адкрыты нацыянальны конкурс фотаздымкаў дзікай прыроды “Залатая рысь” з міжнародным удзелам. Цырымонія ўзнагароджвання прайшла 27 снежня ў Мінску ў музеі “Лошыцкая сядзіба”.
— Цяпер вельмі важна весці папулярызацыю дзікай прыроды, — кажа Валерый. — Для мяне асабіста ўдзел у конкурсе аказаўся знакавым мерапрыемствам, бо на адной пляцоўцы сустрэліся фатографы, якія не з’яўляюцца біёлагамі, і біёлагі, якія не заўсёды бываюць фатографамі. З 16 мая па 30 верасня любы жадаючы мог прыняць удзел у гэтым конкурсе. Журы атрымала 3360 прац з 14 краін свету. У дзевяці намінацыях было вызначана каля 200 фіналістаў, 32 з іх занялі прызавыя месцы. У намінацыі “Рэдкі від” пераможнае першае месца заняла мая работа “Белагаловы сіп”. Гэту надзвычай рэдкую для Беларусі птушку я сфатаграфаваў у жніўні 2016 года паблізу вёскі Юзэфова Германавіцкага сельсавета, пра што паведамлялася ў раённай газеце.
Сяргей РАЙЧОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Валерый Кавалёнак (у цэнтры) з заслужанай узнагародай.
АД РЭДАКЦЫІ: калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што Валерыю Кавалёнку пашчасціла сфатаграфаваць каля вёскі Васількова ястрабіную саву. Гэты від апошні раз у Беларусі быў зафіксаваны тры гады назад.

Валера, как всегда , молодец! Так держать !