
Стала добрай традыцыяй напярэдадні святаў Нараджэння Хрыстова (па календару каталіцкай канфесіі) і Новага года ў раённым цэнтры рамёстваў праводзіць выставы пад казачнай назвай “Калядная кветка”. Ініцыятарам правядзення такога цудоўнага мерапрыемства стала прадпрымальнік Людміла Мікалаеўна Лабачэўская. Яе добрую ініцыятыву падтрымалі работнікі цэнтра рамёстваў і проста таленавітыя, неабыякавыя да ўсяго прыгожага людзі раёна.

У гэты вечар выставачная зала цэнтра была напоўнена нейкай зачараванасцю, цеплынёй і ўтульнасцю, усё навокал ззяла рознакаляровымі агнямі, напаўняла пахам ёлкі і сасны. Прыйшлі на свята тыя, каго цікавіць творчасць, хто хацеў падзяліцца сваімі творамі. Дзіву даешся, як з любога падручнага матэрыялу можна зрабіць цудоўныя рэчы. Крыху фантазіі і перад табою розныя камапазіцыі — залюбуешся! Вось строгі загадкавы лесавік з густой барадой, то дзіўны чарадзей, то мілы дракончык — сімвал года. Спыняемся каля кожнай прадстаўленай кампазіцыі і думаеш: “Колькі трэба прыкласці фантазіі, кемлівасці, каб атрымаліся такія цудоўныя рэчы!”
Свята адкрылі юныя спевакі — дуэт з хору касцёла “Узвышэнне Святога Крыжа”, якія пад акампанемент гітары праспявалі некалькі калядных песень.
Сёлета ўпершыню прыйшлі на “Калядную кветку” удзельнікі раённага клуба “Жаночы час”. Яны не толькі зрабілі выставу сваіх вырабаў (у тым ліку і прымеркаваных да Новага года), а дэманстравалі адзенне, якое звязалі самі ў часы наведвання гуртка.

Як і кожны год, свае кампазіцыі абаранялі Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская з дачкой Марынай Хахолка, Багдана Раманаўна Нікалаева, Людміла Мікалаеўна Лабачэўская, дзеці з сацыяльнага прытулка. А кампазіцыю цэнтра рамёстваў прадстаўляла яго дырэктар Вікторыя Казіміраўна Дубоўская. Кожная кампазіцыя вызначалася навагоднім каларытам, была адметнай і непаўторнай. Падоўгу гледачы затрымліваліся каля выставы Алены Мікалаеўны Дзягцяр, якая шыдэлкам белымі ніткамі звязала рэчы, якія нагадвалі сняжынкі.
У завяршэнні святочнай праграмы Л. М. Лабачэўская ўсім удзельнікам уручылі памятныя падарункі — жывую, хоць і калючую (кактус) сімвалічную калядную кветку, маленькім дзецям — салодкія пачастункі. Быў арганізаваны агульны салодкі стол, дзе ўдзельнікі свята за кубачкам чаю мелі магчымасць у сяброўскай абстаноўцы абмеркаваць першае навагодняе мерапрыемства.
Кацярына СОСНА
