Вучаніца 7 «А» класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 Марыя Грашчанка стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Дарыце свята поштай». Для удзелу у конкурсе, на які было прадстаўлена каля 1300 работ з усёй Рэспублікі Беларусь, неабходна было намаляваць віншавальную паштоўку дзіцячай тэматыкі да любога свята і прыдумаць яе назву. Творчае спаборніцтва праводзілася ў 2016 годзе ў рамках святкавання Года культуры, ініцыятарамі яго правядзення выступілі РУП “Белпошта” сумесна з рэдакцыяй дзіцячых часопісаў “Я МЕДИА”. Напярэдадні навагодніх святаў былі названы імёны пераможцаў. Як адзначылі арганізатары творчага конкурсу , усе работы прыемна здзівілі і парадавалі журы сваёй непасрэднасцю, тэхнікай выканання і арыгінальнасцю бачання незвычайных святаў, якія змаглі прыдумаць юныя ўдзельнікі. А таму зусім няпроста было выбраць пераможцаў, у ліку якіх і наша юная шаркаўчанка. Марыя Грашчанка, прадставіла на конкурс віншавальную паштоўку “Сышчыкам Рэспублікі Беларусь”, прымеркаваную да юбілею Следчага камітэта, і заваявала 2 месца ў сваёй узроставай катэгорыі. Ад рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Белпошта” і рэдакцыі дзіцячых часопісаў “Я МЕДИА” дзяўчынка атрымала дыплом і прызы – настольныя гульні і набор для посткросінга (так называецца праект, створаны для магчымасці атрымання паштовак з усяго свету), а таксама квартальную падпіску на адзін з дзіцячых часопісаў.
Маша Грашчанка – у ліку лепшых вучаніц свайго класа. Яна з задавальненнем удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці школы і займаецца танцамі. А ў ліку любімых захапленняў – маляванне. Дзяўчынка займаецца ў класе Арсенія Іванавіча Пяткевіча на 4 курсе дзіцячай школы мастацтваў. На сваёй віншавальнай паштоўцы “Сышчыкам Рэспублікі Беларусь” яна намалявала ката ў касцюме Шэрлака Холмса. І, як бачна, журы высока ацаніла гэту работу і талент дзяўчынкі. Віншуем з заслужанай перамогай!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.