Мастацтва — сэнс жыцця Жанны Леанідаўны Русак

Актуальное

418 (Копировать)

Сапраўдным прафесіяналам у той або іншай галіне чалавек можа стаць толькі тады, калі па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу, цалкам прысвячае сябе рабоце, не зважаючы нават на свой вольны час. Шмат такіх людзей працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах нашага раёна. Менавіта дзякуючы іх самаадданай і шчырай рабоце памнажаюцца працоўныя поспехі жыхароў нашага рэгіёну, творча і інтэлектуальна ўзбагачаецца яго насельніцтва.

Сёння размова пойдзе пра аднаго з такіх людзей — дырэктара Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Жанну Леанідаўну Русак. Яшчэ ў маленстве дзяўчына марыла звязаць сваё жыццё з музыкай. Усім вядома, калі моцна хацець і ўпэўнена крочыць да свайго жадання, то мара абавязкова збудзецца. Вось і Жанна Леанідаўна трыццаць год назад змагла ажыццявіць задуманае. З 1987 года яна пачала працаваць выкладчыкам дзіцячай музычнай школы ў вёсцы Більдзюгі. Праз тры гады малады педагог, старанне якога ў той час заўважыў дырэктар Шаркаўшчынскай дзіцячай музычнай школы Іван Казіміравіч Курто, стала выкладаць тэорыю ва ўстанове культуры гарадскога пасёлка.

— Мне пашчасціла ў свой час пачынаць выкладчыцкую дзейнасць, у якой грунтоўную дапамогу аказвалі вопытныя настаўнікі — дырэктар Іван Казіміравіч Курто, выкладчыкі Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк, Таццяна Тарасаўна Жалтаносава і іншыя педагогі, — кажа жанчына. — Дзякуючы ім я спасцігала лепшыя музычныя здабыткі айчынных і замежных кампазітараў, узбагачала педагагічныя веды для таго, каб укладваць іх у сэрцы і душы сваіх вучняў. А цяпер ужо амаль дзесяць год узначальваю калектыў нашай дзіцячай школы мастацтваў.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам Жанны Леанідаўны выпускнікі школы дабіваюцца высокіх вынікаў пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, заваёўваюць прызавыя месцы на шматлікіх музычных і мастацкіх конкурсах. Яна імкнецца напоўніць творчае жыццё цікавымі мерапрыемствамі і праектамі. Адным з іх з’яўляецца дагавор аб супрацоўніцтве паміж Шаркаўшчынскай ДШМ, Шпогскай музычнай і мастацкай школамі (Латвія), падпісаны ў лютым мінулага года. Яго вынікам сталі сумесныя пленэры дзіцячай мастацкай творчасці, якія прайшлі вясной і летам 2016 года ў Латвіі і Шаркаўшчынскім раёне.

Дзевятнаццаць год Жанна Леанідаўна Русак нязменна кіруе вядомым не толькі ў нашым раёне, але таксама ў вобласці і рэспубліцы, народным хорам “Спадчына”. Калектыў, які, дарэчы, у мінулым годзе адзначыў 30-годдзе свайго стварэння, вядзе актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць. Хор “Спадчына” — лаўрэат міжнароднага конкурсу “Браслаўскія зарніцы”, удзельнік рэспубліканскай акцыі “Харавое веча” у Мінску. Да таго ж, дзякуючы наладжаным міжнародным стасункам паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Латвійскай рэспублікай, артысты прынялі ўдзел у святкаванні Дзён Даўгаўпілскага краю.

— Наперадзе яшчэ шмат творчых задумак і планаў, — падзялілася з намі Жанна Леанідаўна. — Спадзяюся, што ў хуткім будучым я змагу іх рэалізаваць. Галоўнае, каб побач з табой заўсёды знаходзіліся аднадумцы, сябры і верныя памочнікі, з якімі мне пашчасціла пазнаёміцца ў сваім жыцці.

Чарговым прызнаннем шматгадовай і добрасумленнай працы Жанны Леанідаўны Русак у галіне эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення стала ўручэнне ёй Ганаровай граматы Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта кіраўніком раёна Мікалаем Ірынархавічам Баговічам.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *