10 студзеня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўдастоена ўзнагароды Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”. Гэта прэмія прысуджана за шэраг праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне грамадзян, асабліва падрастаючага пакалення. Адным з самых маштабных праектаў стала рэканструкцыя мемарыяльнага комплекса “Курган Славы”, над якім сваё шэфства ўзялі прафсаюзы Беларусі. Але гэта не адзіны аб’ект, на якім праводзілі работы па рэканструкцыі за кошт прафсаюзных сродкаў. У кожнай вобласці былі вызначаны найбольш значныя мемарыялы, месцы пахаванняў, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у Віцебску рамонтныя работы вяліся на адным з пяці пахаванняў, размешчаных у абласным цэнтры. Гэта воінскі мемарыял на Успенскай горцы, дзе пахаваныя Героі Савецкага Саюза, у тым ліку і Ганаровы грамадзянін Віцебска Мінай Шмыроў (бацька Мінай). Абласное аб’яднанне прафсаюзаў прыняло ўдзел і ў рэканструкцыі мемарыяльнага комплекса “Прарыў” ва Ушацкім раёне.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда даручыў правесці ў студзені па ўсёй краіне мерапрыемствы, на якіх будуць адзначаны людзі, чыя праца садзейнічае развіццю нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, актывізацыі інтарэса да вывучэння гістарычнай спадчыны Беларусі.
Такое мерапрыемства прайшло 24 студзеня і ў нашым раёне. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін сумесна са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталляй Баговіч, старшынёй раённага савета ветэранаў Галінай Філатавай і першым сакратаром райкама БРСМ Юліяй Протас правялі сустрэчу з вучнямі Германавіцкай сярэдняй школы. Месца правядзення сумеснага мерапрыемства было выбрана невыпадкова. Менавіта ў гэтай навучальнай установе створаны і дзейнічае адзіны ў нашым раёне музей Вялікай Айчыннай вайны.
У час сустрэчы першы сакратар райкама БРСМ Юлія Протас прапанавала ў фармаце адкрытага дыялога паразмаўляць і выказаць асабістыя меркаванні на тэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання, тым больш, што прысутная аўдыторыя складалася з прадстаўнікоў розных пакаленняў: ад вучняў старэйшых класаў — да ветэранаў працы. Дарэчы, апошнім у сваіх выступленнях было, чым падзяліцца з прадстаўнікамі маладога пакалення. Напрыклад, Міледзій Кукуць у сваёй прамове, адрасаванай вучням, прызваў быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы, любіць і шанаваць тую бясцэнную спадчыну, якая нам дасталася ад продкаў. Ён прыгадаў цяжкія гады свайго юнацтва і параўнаў гэта з цяперашнім часам, калі навокал для маладых людзей існуюць шырокія і разнастайныя магчымасці для самарэалізацыі і самасцвярджэння. Міледзій Кукуць прачытаў таксама адзін са сваіх вершаў, прысвечаны беларускай бярозе — дрэву, якое натхняе паэта на напісанне патрыятычных твораў пра бацькаўшчыну.
У другой частцы мерапрыемства яго ўдзельнікі змаглі наведаць школьны музей Вялікай Айчыннай вайны, дзе даведаліся пра слаўную гісторыю 1406 зенітна-артылерыйскага ракетнага палка, які ў 1944 годзе вызваляў вёску Германавічы. Вельмі цікавым стаў аповед настаўніцы біялогіі сярэдняй школы Марыны Фёдаравай, у якім жанчына расказала пра балота Ельня і правяла экскурсію па экалагічным класе, які зусім нядаўна адкрыўся ў навучальнай установе.
У час сустрэчы старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін граматамі і каштоўнымі падарункамі адзначыў людзей, якія зрабілі найбольшы ўклад у зберажэнне, захаванне і распаўсюджванне найлепшых здабыткаў гістарычнай спадчыны нашага краю. За актыўны ўдзел у рабоце па ўшанаванні памяці воінаў, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны узнагароджана галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тэрэса Міштоўт. За актыўны ўдзел у рабоце па ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення ўзнагароджана настаўніца гісторыі Германавіцкай СШ Іна Пучынская. За актыўны ўдзел у рабоце па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Шаркаўшчынскага раёна ўзнагароджана настаўніца гісторыі СШ № 1 гарадскога пасёлка Аксана Бабоўская. Калектыў рэдакцыі раённай газеты “Кліч Радзімы” таксама адзначаны граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў і каштоўным падарункам за цыкл публікацый, накіраваных на захаванне патрыятычных традыцый і выхавання ў маладога пакалення пачуцця прыналежнасці да гісторыі Радзімы.
Сяргей РАЙЧОНАК.





















