У першай палове студзеня завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па вучэбных прадметах. У ліку прызёраў абласной алімпіяды – 3 вучаніцы Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Вучаніца 11 Б класа Валерыя Свяцкая ўзнагароджана дыпломам другой ступені за ўдзел у алімпіядзе па рускай мове і літаратуры. І менавіта Валерыя ў саставе зборнай вобласці будзе прадстаўляць Віцебшчыну і наш Шаркаўшчынскі раён на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Кацярыны Чупровай з 11 “Б” – дыплом трэцяй ступені па рускай мове і літаратуры, у Таццяны Бутовіч (11 ”А”) – дыплом трэцяй ступені па грамадазнаўству. Вельмі высокі рэзультат на абласной алімпіядзе па рускай мове і літаратуры прадэманстравала і Паліна Арцюшэўская з 9 “Б” класа.
У ліку тых, хто з дзяўчынкамі раздзяліў іх перамогу, настаўніцы, якія займаліся падрыхтоўкай дзяцей і ў чарговы раз даказалі, што яны лепшыя – пра гэта сведчаць і высокія паказчыкі іх работы, і дастойныя рэзультаты выступленняў дзяцей на вобласці. Эфектыўную сістэму падрыхтоўкі дзяцей у Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1 стварылі адны з лепшых педагогаў раёна – Лілія Аляксандраўна Касарэўская і Сняжана Пятроўна Скопец. Пра адну з гэтых таленавітых настаўніц — наш наступны матэрыял.
Калі верыць вядомаму амерыканскаму псіхолагу Рычарду Карлсану, “ Нават самы доўгі шлях пачынаецца з аднаго толькі крока” . Такі крок, які вызначыў усё яе далейшае жыццё, Сняжана Пятроўна Скопец зрабіла звыш дваццаці гадоў назад, калі вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніцы, і засталася ў гэтым чароўным свеце дзяцінства на ўсё жыццё. Спачатку маладая настаўніца працавала ў пачатковай школе, на працягу апошніх 13 гадоў выкладае рускую мову і літаратуру.
Зараз яна ўзначальвае школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-філолагаў. У 2015 годзе стала лаўрэатам трэцяга Міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік славеснасці замежжа”, што праходзіў у Расіі. У гэтым жа годзе яе вучаніцы Паліна Вярыга і Валерыя Свяцкая заваявалі перамогу на алімпіядзе школьнікаў Саюзных дзяржаў. А за апошнія 4 гады падрыхтаваныя ёй вучні 4 разы ўваходзілі ў лік прызёраў абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў. 2 дыпломы – вынік работы ў гэтым навучальным годзе. Дарэчы, сярод педагогаў нашага рэгіёну, гэта самы высокі рэзультат.
Сняжана Пятроўна імкнецца зразумець кожнага свайго вучня, заўсёды гатова дапамагчы і падтрымаць, падзяліцца не толькі ведамі, але і часцінкай душэўнага цяпла. І, верагодна, невыпадкова, што менавіта яе вучні дэманструюць такія высокія рэзультаты на прадметных алімпіядах. За апошнія 4 гады на раённым этапе школьных алімпіяд па рускай мове і літаратуры ў вучняў Шаркаўшчынскай СШ № 1 9 дыпломаў першай ступені, 11 дыпломаў другой ступені і 6 – трэцяй. Безумоўна, сама Сняжана Пятроўна сцвярджае, што гэта заслугі саміх дзяцей, якія захапляюцца яе прадметам, ўдзельнічаюць у розных конкурсах, шмат чытаюць. Але ж ні для каго не сакрэт, што талент педагога праяўляецца не толькі і не столькі ў тым, каб дапамагчы авалодаць неабходнымі ведамі па прадмету і пэўнымі навыкамі, колькі ў тым, каб дапамагчы дзецям раскрыцца, набыць упэўненасць у сваіх сілах, навучыцца аргументавана адстойваць свой пункт гледжання, знайсці сваю дарогу ў жыцці і не разгубіцца на ёй.
А сваімі асноўнымі дасягненнямі ў прафесіі жанчына лічыць поспехі сваіх лепшых вучаніц – Паліны Вярыга і Караліны Мароз (выпускніц мінулага года), Валерыі Свяцкай, Святланы Клімза, Кацярыны Чупровай, Марыі Байкоўскай, Марыі Бараноўскай, Паліны Арцюшэўскай, Вікторыі Каленцьевай, іншых таленавітых дзяцей, якія кожны год дасягаюць усё больш высокіх рэзультатаў у вучобе і з якімі лёгка і прыемна працаваць. А яшчэ Сняжана Пятроўна вельмі ўдзячная двум сваім педагогам, якія шмат гадоў таму аказалі вялікі ўплыў на выбар яе будучай прафесіі і далейшую педагагічную дзейнасць. Гэта былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Лідзія Леанідаўна Карпава і былы завуч пачатковых класаў Варвара Уладзіміраўна Касцюкевіч. Нездарма кажуць, што мы памятаем сваіх школьных настаўнікаў усё жыццё, бо ў вялікай ступені дзякуючы гэтым людзям наш лёс склаўся менавіта так, а не інакш. Зараз ужо многія вучні Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 так могуць сказаць і пра сваю любімую настаўніцу – Сняжану Пятроўну Скопец. А за поспехамі кожнага вучня — заўсёды неймаверная праца яго настаўніка.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
