Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Іванавіч Кашэль адзначыў свой 95-гадовы юбілей

Актуальное



IMG_6451 (Копировать)У нашым Шаркаўшчынскім раёне асаблівыя адносіны да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ужо стала добрай традыцыяй віншаваць гэтых паважаных людзей з юбілеямі. Вось і Іван Іванавіч Кашэль з вёскі Парэчча (Лужкаўскі сельскі Савет) 26 студзеня адзначыў свой 95-ы год нараджэння. У вёску Арэхаўна Глыбоцкага раёна, дзе ветэран у цяперашні час пражывае са сваімі роднымі, каб павіншаваць Івана Іванавіча з юбілеем, прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. Яны ўручылі ветэрану Ганаровую грамату райвыканкама і грашовую прэмію, павіншавалі юбіляра, выказалі яму словы падзякі за ратныя подзвігі на фронце, працоўныя дасягненні ў мірны час, пажадалі і на далейшае бадзёрасці, аптымізму, моцнага здароўя і яшчэ доўгіх год жыцця.

Іван Іванавіч Кашэль нарадзіўся ў вёсцы Каміншчына Глыбоцкага раёна, закончыў 4 класы “польскай”  школы. На службу ў армію ён быў прызваны пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праз Польшу у складзе войскаў другога Украінскага фронту дайшоў да Берліна, удзельнічаў ва ўзяцці горада. Але перамога над Германіяй у маі 1945 года для многіх салдат Чырвонай Арміі не азначала заканчэнне тэрміновай службы. Вось і І. І. Кашэль разам з іншымі сваімі аднапалчанамі быў накіраваны ў Японію, дзе ваенныя дзеянні яшчэ працягваліся. Даехаць жа паспелі толькі да Калінінграда, быў падпісаны акт аб капітуляцыі. Пасля вайны Іван вярнуўся ў родную вёску Каміншчына. У 1953 годзе стварыў сваю сям’ю. У 1974-м — разам з жонкай і дзецьмі пераехаў у вёску Парэчча нашага раёна. Усё жыццё  працаваў у сельскай гаспадарцы, у былым саўгасе “Верацеі” быў адным з перадавых брыгадзіраў. За сваю добрасумленную працу ўжо у мірны час узнагароджаны Ордэнам “Знак Пашаны”. Сярод  ваенных узнагарод  ветэрана — медаль “За перамогу над Германіяй” і Ордэн Вялікай Айчыннай вайны II  ступені.

Зараз у Івана Іванавіча вялікая і дружная сям’я: дзве дачкі – Людміла і Аліна, унук Арцём, унучка Таццяна, пяцігадовы праўнук Дзіма, іншыя члены сям’і, якія   вельмі ганарацца сваім родным чалавекам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, і спадзяюцца ўсе разам адзначыць 100-гадовы юбілей  бацькі і дзядулі. А сам ветэран, які і ў свае дзевяноста пяць захоўвае бадзёрасць духу і можа многае расказаць пра сваё цікавае, хоць і нялёгкае жыццё,  лічыць, што менавіта родныя людзі  былі заўсёды побач і шмат зрабілі для таго, каб радасныя падзеі мірнага жыцця засланілі горыч ваенных успамінаў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *