25 юных шаркаўчан пабывалі на навагоднім свяце ў Віцебску

Актуальное

на абласным навагоднім свяце шаркаўшчынскім дзецям Макару Пундзісу, Карыне Мядзелец, Яне Шакялеўскай і Лізе Хмельнік (у цэнтры здымка) пашчасціла сфатаграфавацца са старшынёй Віцебскага аблвыканкама А. М. Косінцам

Напрыканцы снежня 25 юных жыхароў раёна атрымалі  запрашэнне на абласное навагодняе свята ў Віцебск. Убачыць галоўную ёлку Прыдзвіння ў гэтым годзе змаглі прадстаўнікі амаль усіх школ, сярод якіх выдатнікі вучобы, пераможцы абласных і раённых конкурсаў і спаборніцтваў, дзеці з апякунскіх і шматдзетных сем’яў. Усе запрошаныя — творчыя і ініцыятыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, лепшыя вучні раёна, якія старанна авалодваюць ведамі і вызначаюцца добрай паспяховасцю па ўсіх школьных прадметах.

удзельнікі паездкі на абласную ёлку

У культурную сталіцу нашай краіны дзеці прыехалі 28 снежня, бо менавіта ў гэты дзень навагодняя ёлка зазіхацела рознакаляровымі фарбамі і агнямі, паўстала перад гледачамі ва ўсёй сваёй красе. Спадабалася маленькім наведвальнікам горада аглядная экскурсія па Віцебску, не менш захапляльным  і відовішчным аказаўся і рыцарскі турнір, яго можна было ўбачыць на плошчы Перамогі.
На наступны дзень дзеці былі запрошаны ў канцэртную залу “Віцебск”, дзе іх чакала казачнае навагодняе прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягурачкі.
Клопат і ўважлівыя адносіны да маленькіх жыхароў Віцебшчыны адчуваліся і з боку ўлады. Як і ў мінулыя гады, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Косінец асабіста прысутнічаў на свяце, павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з Новым 2012-м годам, пажадаў ім ўсяго самага найлепшага. Ну і вядома ж, ніхто ў гэтыя перадсвяточныя дні не застаўся без падарункаў. Дадому з абласнога навагодняга свята дзеці прывезлі шмат салодкіх пачастункаў і сімвал бягучага года — цацачнага дракона.
Апошнія снежаньскія дні асабліва запомніліся і тым вучням, якім напрыканцы года пашчасціла пабываць на галоўнай ёлцы краіны — у Палацы Рэспублікі. Шаркаўшчынскі раён на свяце ў Мінску прадставілі Надзя Булкіна (Шаркаўшчынская СШ № 1), Мікіта Пундзіс (Радзюкоўская БШ) і Цімур Гагохія (Каўшэлеўская БШ). Усе дзеці адзначылі, што хвалюючая паездка на абласную і рэспубліканскую ёлку стала для іх лепшым падарункам. Шчырыя словы ўдзячнасці хлопчыкі і дзяўчынкі адрасавалі сваім настаўнікам, а таксама ўсім работнікам аддзела адукацыі за вельмі цікавае падарожжа і магчымасць убачыць сапраўдную навагоднюю казку.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *