Моладзь на сяле: ветфельчар ААТ “Жвіранка” Анжэла Вярковіч

Актуальное

430У мінулым годзе пасля заканчэння вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных навучальных устаноў на сваё першае месца працы ў Шаркаўшчынскі раён прыйшло 45 выпускнікоў, 17 з іх — у сельскую гаспадарку. Сярод іх і ветфельчар ААТ “Жвіранка” Анжэла Вярковіч.

Малады спецыяліст нарадзілася ў суседнім Міёрскім раёне, закончыла Лужаснянскі сельскагаспадарчы каледж. На трэцім курсе Анжэла праходзіла вучэбную практыку ў сельгаспрадпрыемстве “Жвіранка” і пакінула добрае ўражанне, таму кіраўніцтва і адміністрацыя гаспадаркі былі зацікаўлены, каб дзяўчына пасля атрымання адпаведнага дыплома вярнулася ў “Жвіранку”.

Як іншагародняму маладому спецыялісту Анжэле выдзелілі службовае жыллё, аказалі матэрыяльную дапамогу. І вось ужо паўгода яна працуе ветфельчарам цэнтральнага жывёлагадоўчага комплекса ў аддзяленні “Жвіранка”, дзе размешчаны даільныя залы.

— Гэта самы сучасны жывёлагадоўчы комплекс у нашай гаспадарцы, — кажа нам Анжэла, — тут размешчана асноўная частка дойнага статку буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства. Валавы надой малака таксама самы большы ў параўнанні з іншымі фермамі. Менавіта таму працаваць на дадзеным комплексе ўдвая адказней. Трэба вельмі пільна сачыць, каб жывёла не хварэла, праводзіць лячэбныя прафілактычныя мерапрыемствы. У ветпункце, які размешчаны непасрэдна на комплексе, у наяўнасці маюцца неабходныя лекі для жывёлы, спецыяльная прыстасаванні для лячэбнага працэсу.

Наш працоўны калектыў добразычлівы і спагадлівы. Мне як маладому спецыялісту заўсёды аказваюць дапамогу больш вопытныя калегі. Вельмі ўдзячна дырэктару нашага сельгаспрадпрыемства Пятру Спірыдонавічу Ананьку і адміністрацыі гаспадаркі за ўважлівыя адносіны да маладых работнікаў. А ў будучым я планую прадоўжыць сваё навучанне па выбранай спецыяльнасці і набыць вышэйшую адукацыю, бо прафесія ветфельчара мне падабаецца, як і жыццё ў аграгарадку.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *