В чем наша боль и наша слава.
Чем ты, великая держава,
Искупишь слезы матерей?
Радкі з гэтай песні ў выкананні групы “Каскад” добра ведаюць цяперашнія пасівелыя мужчыны, каму васемнаццацігадовымі юнакамі прыйшлося выконваць інтэрнацыянальны абавязак на афганскай зямлі ў 1979—1989 гадах. Праз пэўны адрэзак часу сам выраз “інтэрнацыянальны абавязак” стаў гучаць па-іншаму. Палітыкі СССР вяршылі лёсы тысяч савецкіх вайскоўцаў, адпраўляючы сваіх сыноў з аўтаматамі ў руках ваяваць на чужой зямлі з радыкальнымі групоўкамі ісламістаў. Такі, на жаль, быў час. Усе, ад радавога да генерала, выконвалі загад і адпраўляліся ў Афганістан.
Вогненнымі дарогамі вайны сярод трыццаці тысяч беларусаў давялося прайсці і больш чым шасцідзесяці шаркаўчанам. Многія вярнуліся з паўднёвай краіны на радзіму з ордэнамі і медалямі, некаторыя загінулі на полі бітвы.
Пяць год таму назад у скверы ДРБУ-131 гарадскога пасёлка быў усталяваны помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Тут жа размешчана баявая тэхніка. На гэтым месцы штогод сустракаюцца нашы землякі, якія прайшлі вайну ў Афганістане.
У сераду, 15 лютага, каля помніка сабраліся воіны-афганцы, прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый, каб у чарговы раз ушанаваць светлую памяць загінуўшых, аддаць даніну павагі салдатам, якія жывымі вярнуліся дамоў.
Прывітальны адрас ад імя кіраўніка раёна Мікалая Ірынархавіча Баговіча воінам-інтэрнацыяналістам зачытаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі.
— Дваццаць восем год аддаляюць нас ад таго памятнага дня, калі апошнія савецкія салдаты пакінулі тэрыторыю Афганістана, — агучыў тэкст Прывітальнага адраса Юрый Анатольевіч. — Іх подзвігі з’яўляюцца прыкладам для падрастаючага пакалення ў справе патрыятычнага выхавання. Сёння вялікі ўклад у грамадскае жыццё нашага рэгіёна ўносіць раённае аб’яднанне Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, прадстаўнікі якога сустракаюцца са школьнікамі, выступаюць у працоўных калектывах.
Да прысутных звярнуўся намеснік начальніка ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Андрэй Сяргеевіч Каштальян. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілій Савіч Протас павіншаваў воінаў-інтэрнацыяналістаў са святам. На ўрачыстасці прысутнічала сястра ўдзельніка баявых дзеянняў у Афганістане Станіслава Арэха Марына Змітровіч. Васілій Савіч уручыў ёй памятны альбом, прысвечаны шаркаўчанам, якія ваявалі ў далёкай паўднёвай краіне ў 1979-1989 гадах.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін уручыў дыпломы і падарункі за ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення воінам-афганцам Сяргею Тарасёнку і Аляксандру Слабовічу.
Букеты жывых чырвоных гваздзік і вянкі ляглі да падножжа помніка “Чорны цюльпан”. Воіны-афганцы і ўсе прысутныя хвілінай маўчання пад трывожныя гукі метранома ўшанавалі памяць загінуўшых салдат Савецкай Арміі ў той кровапралітнай вайне.
Пасля былыя воіны-афганцы наведалі царкву і касцёл, дзе святары правялі богаслужэнні па загінуўшых у баявых дзеяннях і памерлых салдатах.
Працягам мерапрыемства стала сустрэча воінаў-інтэрнацыяналістаў з педагагічным і вучнёўскім калектывамі сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка. Былыя вайскоўцы дзяліліся з прысутнай аўдыторыяй успамінамі пра той жудасны час цяжкіх выпрабаванняў, які выпала кожнаму з іх перажыць у паўднёвай краіне. Вядучыя праграмы і вучні задавалі воінам-інтэрнацыяналістам пытанні, цікавіліся, з якімі цяжкасцямі прыходзілася кожнаму з іх сутыкацца пры выкананні баявых заданняў. З болем у душы і сэрцы расказвалі былыя салдаты пра гібель сваіх сяброў-саслужыўцаў, пра баявыя ўзнагароды і пра пачуццё спаўна выкананага ваеннага абавязку перад Радзімай.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома пажадала воінам-інтэрнацыяналістам моцнага здароўя, цвёрдасці духу і поспехаў у патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Яна таксама ўручыла памятны падарунак ад раённага выканаўчага камітэта Васілію Савічу Протасу.
Вядучыя праграмы прадаставілі слова старшыні Шаркаўшчынскай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” Валерыю Інакенцьевічу Ану. Ён у 1979-1989 гадах з’яўляўся ваенным камісарам Шаркаўшчынскага райваенкамата. Менавіта ў той час некаторыя прызыўнікі-шаркаўчане накіроўваліся на тэрміновую вайсковую службу ў Афганістан. Валерый Інакенцьевіч уручыў граматы дадзенага грамадскага аб’яднання прысутным воінам-інтэрнацыяналістам і павіншаваў іх з гэтым памятным днём.
А з рук старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Васілія Савіча Протаса былыя вайскоўцы атрымалі памятныя нагрудныя знакі.
Вучні школы падрыхтавалі для гасцей канцэртную праграму, у якой гучалі песні і вершы, прысвечаныя падзеям “неаб’яўленай вайны” 1979—1989 гадоў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан.
Сяргей РАЙЧОНАК.