Шаркаўчанка Паліна Ліманоўская ў складзе зборнай Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел у 10-ых Адкрытых Эстонскіх гульнях баявых адзінаборстваў, што праходзілі ў Таліне 11-12 лютага, і заваявала сярэбраны медаль у спаборніцтвах па спартыўнай чанбары. Больш падрабязна пра гэта нам расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава.
—Паліна займаецца спачанам толькі з верасня 2016 года і пад кіраўніцтвам трэнера Анны Заблоцкай дасягнула значных поспехаў. На Адкрытым Кубку Беларусі па спачане ў межах фестывалю японскай культуры яна заваявала залаты і сярэбраны медалі і атрымала званне гранд-чэмпіёна. Паліна была запрошана ў склад нашай зборнай на спаборніцтвы ў Эстонію ў межах падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў да Чэмпіянату Еўропы па спачане, які пройдзе ў гэтым годзе ў Рыме. На спаборніцтвах у Таліне ў сваёй узроставай катэгорыі 2003-2005 гадоў нараджэння па выніках жараб’ёўкі Паліне выпала спаборнічаць з хлопчыкамі. Але гэта не перашкодзіла ёй заваяваць сярэбраны медаль у паядынках на кароткіх мячах (кадачы) і папоўніць капілку медалёў нашай зборнай. У выніку беларусы заваявалі па спачане 10 медалёў (адзін залаты, сем сярэбраных і два бронзавыя) і сталі другімі ў камандным заліку. А ў вольны ад спаборніцтваў час для спартсменаў праводзіліся экскурсіі па старажытным Таліне — горадзе, які прасякнуты духам сярэднявечча. Прыемна адзначыць, што сёння разглядаецца перспектыва ўдзелу Паліны Ліманоўскай на Чэмпіянаце Еўропы па спачане. Хочацца падзякаваць Паліне за дастойнае выступленні, а яе бацькам — за падтрымку і садзейнічанне.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.