Стогадовы юбілей адсвяткаваў у сямейным коле шаркаўчанін Міхаіл Аляксеевіч Кожан

Актуальное

Міхаіл Аляксеевіч з жонкай Еліканідай Ігнацьеўнай, сынам Вячаславам і нявесткай Ліліяй
Міхаіл Аляксеевіч з жонкай Еліканідай Ігнацьеўнай, сынам Вячаславам і нявесткай Ліліяй

16 лютага жыхар гарадскога пасёлка Міхаіл Аляксеевіч Кожан з самага ранку на парозе сваёй сядзібы сустракаў шматлікіх гасцей. Нагодай таму стаў яго стогадовы юбілей. Яшчэ напярэдадні імяніннік і яго жонка Еліканіда Ігнацьеўна завіхаліся па гаспадарцы: рыхтавалі смачныя стравы на святочны стол, прыбіралі хатнія пакоі. Нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, гаспадары для частавання гасцей спяклі нават торт.

Павіншаваць Міхаіла Аляксеевіча прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава, старшыня прафсаюзнай арганізацыі і спецыяліст аддзела кадраў кансервавага завода Алена Аркулянаўна Шкель і Зоя Вайцехаўна Сцепаненкава. Падзяку старшыні райвыканкама, кветкі, падарункі, сардэчныя віншаванні прымаў юбіляр ад гасцей.

Міхаіл Аляксеевіч нарадзіўся ў вёсцы Болкалы, закончыў сем класаў “польскай” школы. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у дваццацігадовым узросце ў якасці прадаўца прыватнай крамы ў Болкалах. Як і шматлікія мужчыны прызыўнога ўзросту ў 1939 годзе трапіў на службу ў польскую армію. Але з нападзеннем на Польшчу гітлераўскай Германіі Міхаілу Аляксеевічу пашчасціла вярнуцца ў родныя мясціны. У час Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў на чыгунцы ў Варапаеве. Так як чыгунка з’яўлялася стратэгічным аб’ектам, Міхаілу Аляксеевіу была выдадзена “бронь” — адмацаванне ад фронту.

Усё пасляваеннае жыццё юбіляр прысвяціў працы ў сістэме гандлю. Ажно сорак год адпрацаваў на розных пасадах у Шаркаўшчынскім райспажыўтаварыстве. Разам з вернай спадарожніцай жыцця жонкай Еліканідай Ігнацьеўнай у 1949 годзе пабудавалі ўласны дом па вуліцы Чарванадворскай, у якім пражываюць і цяпер. Выгадавалі двух выдатных сыноў. Іх вялікая сям’я налічвае яшчэ трох унукаў, адну ўнучку, пяць праўнукаў і адну праўнучку.

— Нашы родныя людзі — гэта наша вера, апора і падтрымка ў жыцці, — сказаў Міхаіл Аляксеевіч. — Сын Вячаслаў і яго жонка Лілія, якія пражываюць у Шаркаўшчыне, штодзённа прыязджаюць да нас, клапоцяцца пра здароўе, дапамагаюць па гаспадарцы. Без іх нам было б вельмі цяжка.

Напрыканцы мы спыталі ў Міхаіла Аляксеевіча, ці ёсць у яго які-небудзь уласны рацэпт даўгалецця. На што юбіляр упэўнена адказаў: “Жыць трэба без зайздрасці ў сэрцы і душы, з павагай і чуласцю адносіцца да людзей. Берагчы, любіць і шанаваць сваіх родных і блізкіх. І ніколі не трэба спяшацца, бо ў штодзённай мітусні імгненна пралятае жыццё, напоўненае яркімі фарбамі, якія не кожны можа і заўважыць”.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *