
Адзін з фермераў нашага раёна, Андрэй Віктаравіч Барысаў з вёскі Савуткі, мае самы большы ўчастак зямлі — 151 гектар. Склалася так, што ўсе работы выконвае сам фермер са сваёю сям’ёй (у іх з жонкай гадуецца шасцёра дзетак), а дакументацыю вядзе яго бацька — Віктар Пракоф’евіч Барысаў — вопытны чалавек, які ў 1995 годзе распачаў гэту справу і цяпер перадаў яе сыну. Менавіта з Віктарам Пракоф’евічам нам давялося пагутарыць.
З наяўнай плошчы ў карыстанні фермера — 128 гектараў сельгасугоддзяў, з іх 110 — ворыва. Глеба на ўчастках урадлівая і калі добра ўробленая, дае багатыя ўраджаі сельгаскультур. Яны вырошчваюць тыя культуры, якія найбольш прыбытковыя — бульбу, зерневыя, з агародніны — моркву, капусту і іншыя. Практыкуюць высаджваць бульбу некалькіх раянаваных сартоў, каб выбраць самы ўраджайны і з добрымі смакавымі якасцямі.
Напрыклад, у 2003 годзе высаджвалі 14 гатункаў бульбы (цяпер маюць насенне шасці) і ўраджайнасць на круг склала 400—500 цэнтнераў. Тады ж была і праблема з яе рэалізацыяй.
За 17 гадоў вядзення фермерскай гаспадаркі многае пераспрабавалі Барысавы. Апошнім часам у жывёлагадоўлі перавагу аддалі дойнаму статку і свінням. Рэалізуюць дзяржаве малако. Раней трымалі козаў і авечак. А былі гады, калі займаліся развядзеннем птушак — курэй, гусей і індыкоў. Спыніліся на першых — курыныя яйкі сталі прыбытковым таварам, а гусяціна і індзюшаціна на рынку не пайшла.
Здараюцца цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, калі тая ці іншая культура не толькі ў фермера ўрадзіла, як скажам у мінулым годзе капуста, а і ў сяльчан на градках. Вось і падзень яе, куды хочаш. На будучае практыкуюць расшыраць жывёлагадоўчую галіну. У планах — будаўніцтва дарогі да палявога стану, які мяркуюць стварыць удалечыні ад свайго хутара.
Каб мець прыбытак ад вядзення фермерскай гаспадаркі, трэба няспынна працаваць. Пяцёра дзяцей фермера — школьнікі. Старэйшы сын — дзесяцікласнік. Як ён дома, то з трактара не вылазіць. Спадзяецца бацька, што памочніка гадуе. І дзяўчынкі ведаюць свой участак работы і, прышоўшы са школы, бы тыя мурашы, завіхаюцца на выкананні сельгасработ.
Як трактуе артыкул 3 “Дзяржаўная падтрымка і гарантыі дзейнасці фермерскіх гаспадарак” Закона “Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы” фермеры маюць права на падтрымку ў сферы матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню, у тым ліку па лізінгу, рамонту і тэхнічнага абслугоўвання сельгастэхнікі і абсталявання, аховы раслін, меліярацыі, вапнавання, ветэрынарнай і племянной справы і ў іншых сферах дзейнасці. На аснове гэтай пастановы ў мінулым годзе Андрэй Віктаравіч атрымаў па лізінгу трактар і з дзяржбюджэту мінеральныя ўдабрэнні. Калі звяртаецца да раённых службаў па тэхнічнаму абслугоўванню сельгастэхнікі, то яму ў гэтым не адмаўляюць. Востра стаіць пытанне з выдзяленнем паліва — яна ж агульная для ўсіх сельгасвытворцаў. Дзяржаўнымі пазыкамі стараецца фермер карыстацца як мага менш.
Галоўнае, сказаў у заключэнні размовы Віктар Пракоф’евіч, каб прывіць любоў да зямлі, каб было каму працаваць на ёй, каб з 6 дзетак сына, хоць палова заняліся гэтай не простай, але такой патрэбнай справай, і ўжо можна спадзявацца на поспех.
Кацярына СОСНА
