З выступлення дэпутата ад Маладзёжнай выбарчай акругі № 6, намесніка галоўнага ўрача УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” М. В. МАНКЕВІЧА на сесіі раённага Савета дэпутатаў

Актуальное

Як і ў папярэднія гады, медыцынскія работнікі раёна добрасумленна і ў поўным аб’ёме выконваюць свае непасрэдныя абавязкі па ахове здароўя шаркаўчан. Дастаткова сказаць, што на аздараўленне ў 2011 годзе кожнаму жыхару выдзелена па 638.756 рублёў. Усе выдаткаваныя фінансавыя сродкі ў суме 11 мільярдаў 753 мільёны рублёў асвоены.
Жыхароў раёна, несумненна, хвалюе рост цэн на многія лекавыя прэпараты, асабліва замежнай вытворчасці. І ў гэтай справе, з мэтай змяншэння затрат на іх набыццё, кошт асобных лекаў для некаторых катэгорый грамадзян зніжаны на 10 працэнтаў.
Наша ўстанова здароўя пастаянна адчувае недахоп кваліфікаваных кадраў. Па шматлікіх прычынах, хаця мясцовая ўлада і адміністрацыя прыкладваюць максімум намаганняў каб іх было як мага менш, многія выпускнікі медыцынскіх ВНУ не затрымліваюцца на доўгі час. Аднак сітуацыя пакрыху выпраўляецца. Летась значна палепшылася кадравае забеспячэнне. Да работы прыступілі хірург, тэрапеўт, зубныя фельчары, лабарант, пяць фельчараў на ФАПах у сельскай мясцовасці.
Найбольш хвалюючае пытанне — увод у дзеянне палатнага корпуса раённай бальніцы. На заканчэнне будаўніцтва, набыццё новага абсталявання і яго мантаж выдзелена звыш 20 мільярдаў рублёў. Ёсць усе падставы для таго, каб у 2012 годзе наш доўгабуд быў завершаны.
Мы кругласутачна аказваем медыцынскую дапамогу, выязджаючы па паступіўшых выкліках на тэлефон “хуткай дапамогі”. Аднак гэтым пачалі злоўжываць некаторыя жыхары раёна. Безумоўна, маючы ўседаступную тэлефонную сувязь намнога лягчэй выклікаць брыгаду медыкаў па прычыне невялікага галаўнога болю, павышэння тэмпературы цела, часовай слабасці або алкагольнага ап’янення, чым самастойна звярнуцца ў паліклініку або на мясцовы ФАП. Ведайце, што кошт аднаго выкліку машыны хуткай медыцынскай дапамогі абыходзіцца дзяржаве ў 245 тысяч рублёў.
Медыцынская служба раёна актыўна супрацоўнічае з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, РАУС, аддзелам адукацыі райвыканкама, сельскімі выканаўчымі камітэтамі ў рабоце з тымі сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх у нас зарэгістравана 53, дзе выхоўваецца 101 дзіця. Асноўная праблема тут — п’янства з усімі выцякаючымі праблемамі. Гэта беспрацоўе, нізкая матэрыяльная забяспечанасць, антысанітарыя ў дамах і кватэрах. Зыходзячы з канкрэтных сітуацый складаюцца акты, праводзіцца адпаведная выхаваўчая работа. Усё гэта прыносіць станоўчы плён. На працягу 2011 года ў біялагічную сям’ю вернуты 19 дзяцей.
Адзін з асноўных паказчыкаў дзейнасці медработнікаў — зніжэнне смяротнасці. Яна ў раёне даволі высокая, але задавальняе хіба тое, што паступова зніжаецца. Вось некаторыя лічбы. У 2009 годзе памерла 419 чалавек, у 2010-м — 399, у 2011-м — 357. Разам з тым адзначаецца павышэнне нараджальнасці. 2010 год — 171 дзіця, 2011 — 181. І такая тэндэнцыя па нараджальнасці, зыходзячы з адпаведнага аналізу, захаваецца і ў 2012 годзе.
Усім нам неабходна пазбаўляцца ў першую чаргу ад такіх шкодных звычак як курэнне, злоўжыванне спіртнымі напоямі. Давайце пераключымся на актыўны і здаровы лад жыцця. Толькі ў такім выпадку будзем лепш сябе адчуваць, менш звяртацца за медыцынскай дапамогай. А здаровы чалавек здольны прынесці намнога болей карысці як на рабочым месцы, так і ў сям’і.
Падрыхтаваў Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *