27 лютага свой 65-гадовы юбілей адзначае настаўнік Зоркаўскай базавай школы Віктар Сцяпанавіч Морхат

Молодежь

IMG_7206 (Копировать)Вучыць дзяцей, складаная справа, можна сказаць – гэта адзін з самых няпростых відаў творчасці. Бо настаўнікі не проста распрацоўваюць і праводзяць  урокі, яны фарміруюць асобу дзіцяці. І для гэтага настаўнік і сам павінен быць асобай.

Сёння, 27 лютага, свой 65-гадовы юбілей адзначае настаўнік вышэйшай катэгорыі  Зоркаўскай базавай школы Віктар Сцяпанавіч Морхат, які ў школах нашага і суседняга Міёрскага раёна паспяхова адпрацаваў чатыры дзясяткі гадоў. Гэтага чалавека  добра ведаюць у нашым раёне. Асабліва тыя, хто прысвяціў сваё жыццё прафесіі настаўніка.

З Віктара Сцяпанавіча і яго жонкі Веры Іванаўны  пачалася педагагічная дынастыя сям’і Морхатаў, якую ў цяперашні час прадаўжаюць іх  дочкі  — Наталля і Марыя. Сын Мікалай  звязаў сваё жыццё з геадэзіяй.

Віктар Сцяпанавіч нарадзіўся ў вёсцы Германавічы нашага раёна.  Там жа закончыў  сярэднюю школу, потым  Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут (у цяперашні час  педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), атрымаў спецыяльнасць настаўніка рускай і беларускай мовы і літаратуры.

На сваё першае працоўнае месца быў накіраваны ў Лужкаўскую сярэднюю школу.  І сёння, праз 40 гадоў работы ў школе,  юбіляр з вялікай удзячнасцю успамінае настаўнікаў, з якімі пачынаў працаваць і якія дапамаглі авалодаць прафесійным майстэрствам. Гэта Анатолій Дзмітрыевіч Маркевіч, Леаніла Сямёнаўна Жугер, Надзея Іванаўна Андзілеўка. Назаўсёды ў памяці застануцца і любімыя школьныя настаўнікі Германавіцкай сярэдняй школы – Вікенцій Антонавіч Глушын і Арсеній Емяльянавіч Каштальян, а таксама выкладчык Мінскага педінстытута, прафесар, мовазнаўца   Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Некалькі гадоў В. С. Морхат працаваў у сельскіх школах на Міёршчыне. А ў 1983 годзе вярнуўся ізноў у Шаркаўшчынскі раён, у Ямненскую васьмігадовую школу, якая з 1992 года была перайменавана ў Зоркаўскую сярэднюю. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а ў апошнія гады вопытнаму настаўніку даверылі выкладаць у школе гісторыю, як чалавеку, які выдатна ведае і любіць гэты прадмет. У  апошнія гады, пасля выхаду на пенсію, Віктар Сцяпанавіч стаў  бібліятэкарам Зоркаўскай базавай школы,ён сам вельмі любіць чытаць і нават  піша вершы, а яшчэ сярод яго захапленняў — велатурызм, інтэлектуальная гульня «Брэйн-рынг» і фатаграфаванне. Дэвізам па жыцці для юбіляра сталі словы вучонага Ціміразева «Чалавек павінен ведаць усё аб чым-небудзь і што-небудзь аб усім». І сёння, праз сорак гадоў работы ў школе, герой гэтага матэрыялу выдатна ведае, як перадаць дзецям веды, каб яны сталі  зразумелымі, цікавымі і карыснымі для кожнага вучня. Віктар Сцяпанавіч заўсёды працаваў з захапленнем  і ніколі не пашкадаваў аб тым, што аднойчы ў жыцці абраў для сябе такі няпросты шлях — быць настаўнікам.

Педагогі і вучні, увесь дружны калектыў Зоркаўскай базавай школы  шчыра  віншуюць Вас, Віктар Сцяпанавіч, з юбілеем і жадаюць вам  творчага натхнення, жыццёвых перамог і дасягненняў у далейшай вашай працы.

Моцнага  Вам здароўя, шчасця і дабрабыту і яшчэ многіх юбілеяў у добрым настроі, коле сяброў і родных.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Алены АНАНІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *