Улічваючы значнасць галіны жывёлагадоўлі для ўмацавання эканомікі сельгаспрадпрыемстваў, забеспячэння харчовай бяспекі краіны, раённая ўлада надае значную ўвагу пытанням вырашэння эфектыўнасці работы гэтай галіны. У ходзе апошняга пасяджэння калегіі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ішла прадметная размова пра дзейнасць сельгасарганізацый па развіцці жывёлагадоўлі, вытворчасці малака, паляпшэнні паказчыкаў рэалізуемай жывёлагадоўчай прадукцыі за студзень 2017 года. А для большай нагляднасці таго, як на месцах вырашаюцца гэтыя пытанні і над чым трэба працаваць, пасяджэнне было выязным і прайшло на базе ААТ “Ельня-Агра”.
У пачатку пасяджэння старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч падкрэсліў актуальнасць разглядаемага пытання. Каб мець дастойныя вынікі працы, сельгаспрадпрыемствам сёння трэба ісці па шляху зніжэння затрат на вытворчасць прадукцыі дзеля павышэння яе канкурэнтаздольнасці. На жаль, у жывёлагадоўлі яшчэ не навучыліся да канца вытрымліваць тэхналогію вытворчасці, што адбіваецца на канчатковых рэзультатах.
З асноўным дакладам выступіў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Георгіевіч Лабуць. За студзень 2017 года вытворчасць жывёлы склала 260 тон ці 114 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Недаатрымана вытворчасць буйной рагатай жывёлы да паказчыкаў студзеня 2016 года ў ААТ “Княж” (57%), “Васюкі” (84%), КУВСП “Гарадзец” (65%) і імя Маркава (33%).
Валавая вытворчасць малака за студзень 2017 года склала 97%. Нізкія паказчыкі ў ААТ “Васюкі” (76%) і КУВСП імя Маркава (84%). Сярод малочнатаварных ферм сельгаспрадпрыемстваў самы нізкі паказчык вытворчасці малака на МТФ “Верацеі” КУВСП “Гарадзец” (36%).
Агульная колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы склала 24786 галоў і зменшылася на 401 галаву да аналагічнага перыяду мінулага года. Толькі ў ААТ “Даватарскі”, “Жвіранка” і “Агратэхсэрвіс” колькасць пагалоўя засталася нязменнай. Пагалоўе кароў складае 9000 жывёлін або 105% да студзеня 2016 года.
Рэалізавана малака гатункам “экстра” 63% ад агульнай колькасці. Ніводнай тоны малака дадзенага гатунку не рэалізавалі сельгаспрадпрыемствы ААТ “Княж” і КУВСП імя Маркава.
Па стане на 1 лютага случана матачнага пагалоўя 1086 жывёлін ці мінус 98 галоў да студзеня мінулага года. За студзень 2017 года атрымана 481 галава прыплоду маладняку буйной рагатай жывёлы, что на 74 галавы менш, чым у студзені 2016 года. За студзень сёлетняга года атрымана 481 галава прыплоду маладняку, што на 74 галавы менш мінулагодняга паказчыка. Падзеж буйной рагатай жывёлы па раёне склаў 14 галоў. Забой БРЖ — 133 галавы або мінус 38 жывёлін да адпаведнага перыяду мінулага года.
Дырэктар раймплемстанцыі Юрый Багуслававіч Аляхновіч у сваім выступленні агучыў аналіз работы па ўзнаўленню статка буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках раёна за студзень бягучага года і задачах у гэтым накірунку на 2017 год. Пра лячэнне жывёл у сельгаспрадпрыемствах паведаміла выконваючая абавязкі начальніка райветстанцыі Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч.
У другой, практычнай, частцы пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі малочнатаварную ферму “Зорка” ААТ “Ельня-Агра”, дзе азнаёміліся з тэхналогіяй утрымання дойнага статка, кармлення кароў, а таксама тэхналогіяй вырошчвання цялят.
Удзельнікі выязнога пасяджэння пры падвядзенні яго вынікаў абмеркавалі іншыя важныя напрамкі дзейнасці па далейшаму развіццю жывёлагадоўлі, работы па паляпшэнні паказчыкаў рэалізуемай прадукцыі. Усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў прынятым рашэнні райвыканкама.
Сяргей РАЙЧОНАК.