10 сакавіка на базе ААТ “Жвіранка” прайшоў семінар-вучоба для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце і спецыялістаў, якія адказваюць за дадзены напрамак работы ў калектывах. Яго асноўная тэма — удасканальванне і забеспячэнне сучасных падыходаў у арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах і з насельніцтвам. У рабоце мерапрыемства прынялі ўдзел намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Валерый Венядзіктавіч Казлоўскі, старшыня Більдзюжскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Генадзьеўна Чарняўская, дырэктар ААТ “Жвіранка” Пётр Спірыдонавіч Ананька, выконваючая абавязкі яго намесніка па ідэалагічнай рабоце Анна Мар’янаўна Бездзель. Узначаліла работу семінара начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома.
Як пабудавана ідэалагічная работа ў працоўным калектыве ААТ “Жвіранка” і ў Більдзюжскім сельскім Савеце, на тэрыторыі якога пастаянна пражываюць звыш 1700 чалавек, прысутныя даведаліся ад выконваючай абавязкі намесніка дырэктара ААТ “Жвіранка” Анны Мар’янаўны Бездзель і старшыні Більдзюжскага сельскага Савета Алены Генадзьеўны Чарняўскай. Падчас мерапрыемства госці наведалі мясцовы краязнаўчы музей, азнаёміліся з афармленнем стэндаў і дакументацыяй ідэалагічных работнікаў. Пра вынікі работы ідэалагічнай вертыкалі ў мінулым годзе і задачах на 2017 год расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Л. У. Стома. У рамках семінара-вучобы ўзнагароды атрымалі пераможцы агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах раёна. За першае месца ўзнагароджаны калектыў Лужкаўскай сярэдняй школы (дырэктар Л. В. Гараніна), за другое — тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (адказны спецыяліст за арганізацыю ідэалагічнай работы Р. А. Більдзюга). Трэцяе месца заваяваў калектыў ААТ “Жвіранка”. Падзякай старшыні райвыканкама адзначана выконваючая абавязкі намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце А. М. Бездзель. З пажаданнямі, каб работа на месцах стала яшчэ больш эфектыўнай і была накіравана на аб’яднанне работнікаў у кожным працоўным калектыве, звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама В. В. Казлоўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Л. У. Стома, а таксама яны ўручылі ўзнагароды пераможцам. Падчас работы семінара таксама былі разгледжаны наступныя пытанні: аб ідэалагічным забеспячэнні вясенне-палявых работ у ААТ “Буеўшчына”; аб узаемадзеянні з рэгіянальнымі СМІ; аб стане работы па выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” і аб выкананні Закона “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.
Завяршылася мерапрыемства невялікім канцэртам, які для ўдзельнікаў семінара-вучобы падрыхтавалі мясцовыя самадзейныя артысты разам з загадчыцай Більдзюжскага СДК Аленай Валеўка.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.













