Наш раён з рабочай паездкай наведала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў

Ахова працы Прафсаюзы

Інжынер па ахове працы ААТ “Княж” Таццяна Якімовіч                                   і інспектар Анатолій Сцяпанаў
Інжынер па ахове працы ААТ “Княж” Таццяна Якімовіч і інспектар Анатолій Сцяпанаў

У мэтах ажыццяўлення кантролю за заканадаўствам аб працы 13 і 14 сакавіка наш раён з рабочай паездкай наведала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў пад кіраўніцтвам галоўнага тэхнічнага інспектара працы Анатолія Сцяпанава. У рабоце групы прынялі ўдзел прадстаўнікі раённых прафсаюзных структур, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Падчас працы інспектараў былі наведаны прадпрыемствы, арганізацыі, установы гарадскога пасёлка і раёна незалежна ад формы ўласнасці. Пры правядзенні кантролю асаблівая ўвага надавалася бяспецы эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання, прымяненню сродкаў індывідуальнай аховы, наяўнасці нарматыўна-прававых дакументаў па ахове працы, рабоце грамадскіх інспектараў па ахове працы. Удзел у адным з рэйдаў прыняў і карэспандэнт нашай газеты.

У гаспадарках раёна ідуць работы па рамонце сельгасмашын для правядзення пасяўной кампаніі. Таму інспектары вырашылі наведаць механічныя майстэрні. Спачатку трапілі ў ААТ “Княж”. Далёка не ў кожным сельгаспрадпрыемстве можна назіраць чысціню і парадак у памяшканнях, дзе вядзецца рамонт тэхнікі, і на тэрыторыі вакол іх. У Германавічах гэтаму пытанню надаюць вялікую ўвагу, бо, як вядома, у спрыяльных умовах і механізатары сумленна рамантуюць сельгасмашыны, і вынікі іх працы станоўчыя. Толькі вось у адным з памяшканняў, дзе размешчана электрагазазварка, чамусьці правады ад яе ў разматаным стане валяліся па падлозе і часткова былі ў вадзе. Незамацаванай аказалася клетка для напампоўвання гумовых колаў. Часткова разабраныя трактары, якія знаходзіліся ў мехмайстэрнях, стаялі на небяспечных падстаўках — драўляных калодках замест спецыяльніх металічных. А гэта, па словах галоўнага тэхнічнага інспектара, з’яўляецца вельмі сур’ёзным і грубым парушэннем правілаў тэхнікі бяспекі.

Наступным аб’ектам, які наведалі ў час рэйду інспектары, сталі мехмайстэрні ААТ “Ельня-Агра”. Тут таксама мноства тэхнікі, якая знаходзіцца ў стадыі рамонтных работ. Правяраючыя адзначылі правільнасць устаноўкі клеткі для напампоўвання гумовых колаў, іншага тэхнічнага абсталявання. У ААТ “Княж” і “Ельня-Агра” узніклі некаторыя пытанні наяўнасці неабходных інструкцый, журналаў вядзення інструктажу працоўных.

У той жа дзень інспектарская праверка прайшла ў Германавіцкай сярэдняй школе, а таксама ў Цэнтры культуры і народных традыцый дадзенага аграгарадка. Ва ўстановах правяралася дакументацыя па тэхніцы бяспекі, ахове працы. Па ўсіх выяўленых парушэннях складзены адпаведныя рэкамендацыі па іх ліквідацыі, якія будуць накіраваны ў арганізацыі, дзе праходзіў кантроль, а таксама старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама М. І. Баговічу з прапановай разгледзець пытанні аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

14 сакавіка ў вялікай зале райвыканкама прайшоў вучоба-семінар па пытаннях аховы працы і тэхніцы бяспекі. На яго былі запрошаны спецыялісты па ахове працы, старшыні прафсаюзных камітэтаў, пазаштатныя інспектары па ахове працы арганізацый і ўстаноў Шаркаўшчынскага раёна. У рабоце семінара прынялі ўдзел і выступілі галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Анатолій Сцяпанаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віктар Кужэль, інжынер па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міледзій Кукуць. Прысутныя ў час семінара змаглі атрымаць грунтоўныя адказы на ўсе ўзнятыя пытанні, якія адносяцца да выканання нарматыўна-прававых актаў у галіне аховы працы.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *