Праблема барацьбы з такой шкоднай звычкай, як курэнне, надзвычай актуальная. Ад таго, як яна будзе вырашацца, залежыць здароўе нашых грамадзян, і ў першую чаргу — моладзі і падлеткаў. А менавіта ад іх у будучым залежыць дэмаграфічная бяспека і здароўе нацыі. На дзяржаўным узроўні распрацаваны шэраг праграм, прынята шмат заканадаўчых актаў, якія вызначаюць дзейнасць усіх зацікаўленых служб і грамадства ў азначаным аспекце. Аб змяненнях у некаторыя санітарныя нормы і правілы, што датычацца мер па рэалізацыі забароны на курэнне, расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Уладзімір Леанідавіч ГРАШЧАНКА.
— Ужыванне табака і табачных вырабаў з’яўляецца істотнай пагрозай для здароўя грамадзян Беларусі. Павялічваецца рызыка развіцця захворванняў рэпрадуктыўнай сістэмы, сардэчна-сасудзістых, бронха-лёгачных, страўнікава-кішачных, эндакрынных, анкалагічных і іншых захворванняў. Распаўсюджанасць табакакурэння сярод дарослага насельніцтва краіны складае звыш 47 працэнтаў сярод мужчын і 17 сярод жанчын. Больш паловы насельніцтва падвяргаецца штодзённаму пасіўнаму курэнню. Часцей за ўсё людзі сутыкаюцца з гэтым на рабоце, у час вучобы, у грамадскіх месцах, на прыпынках грамадскага транспарта.
— Скажыце, калі ласка, на аснове якіх дакументаў павінна праводзіцца антытабачная дзейнасць?
— Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 111 ад 3 лістапада 2011 года, якая ўступіла ў сілу 3 студзеня бягучага года, унесены дапаўненні і змяненні ў некаторыя дзеючыя санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы. Згодна з імі кіраўніцтва арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў абавязана забяспечыць распрацоўку і выкананне комплексу мер па рэалізацыі забароны на курэнне на тэрыторыях і ў памяшканнях, за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтых мэтаў.
— Якіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў датычыцца дадзеная пастанова?
— У першую чаргу, устаноў адукацыі і аховы здароўя, аптэк, а таксама цырульняў, пральняў, лазняў і саун, устаноў і прадпрыемстваў чыгуначнага транспарта, спартыўных аб’ектаў і шэрагу іншых.
— Якім чынам будзе ажыццяўляцца санітарны кантроль за захаваннем патрабаванняў заканадаўства, накіраванага на барацьбу супраць курэння?
— Пры правядзенні планавых і пазапланавых праверак арганізацый і ўстаноў спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі будуць кантраляваць антытабачную работу ў рамках дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Будзе складацца акт абследавання, у якім указваецца наступнае: ці выдзелена месца для курэння; як яно абсталявана; ці абазначана адпаведнымі знакамі. Таксама будзе правярацца наяўнасць забаронных знакаў у калідорах, туалетах, на лесвічных пляцоўках, а таксама распарадчых дакументаў па забароне курэння, інфармацыйных матэрыялаў аб шкодзе курэння (апошнія павінны быць размешчаны на стэндзе). Пры невыкананні патрабаванняў кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці.
— Як павінны быць абсталяваны месцы, якія адводзяцца для курэння?
— Яны павінны быць абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія змешчаны ў пастанове Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя РБ ад 22.04.2003 г. № 23/21 “Аб патрабаваннях да спецыяльна абсталяваных месцаў для курэння”. Гэта дастаткова вялікая і аб’ёмная інфармацыя. Таму больш падрабязна з ёй можна азнаёміцца на сайце ГУ “Віцебскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” www.cge.vtb.by.
Гутарыла Людміла ЛАТЫШОНАК