Леанід Акімавіч Раманоўскі адсвяткаваў свой 80-гадовы юбілей

Актуальное

прадстаўнікі Шаркаўшчынскай ЦРБ віншуюць Л. А. Раманоўскага з 80-годдзем
прадстаўнікі Шаркаўшчынскай ЦРБ віншуюць Л. А. Раманоўскага з 80-годдзем

У лістападзе мінулага года сямейная пара Леаніда Акімавіча і Анны Ювінальеўны Раманоўскіх адзначыла брыльянтавае вяселле — 60-годдзе сумеснага жыцця. А 10 сакавіка ў іх гасцінную кватэру зноў завіталі родныя, сябры і знаёмыя. Нагодай таму стаў 80-гадовы юбілей Леаніда Акімавіча. Павіншаваць свайго былога калегу прыйшлі старшыня ветэранскай арганізацыі цэнтральнай раённай бальніцы Лёля Антонаўна Грыцкевіч, урач Міраслаў Генадзьевіч Рымдзёнак і прадстаўнік прафсаюзнага камітэта ЦРБ Мая Мікалаеўна Пяцько.

Пасля слоў віншаванняў і цёплых пажаданняў у адрас юбіляра мы крыху пагутарылі з Леанідам Акімавічам.

— Нарадзіўся я ў вёсцы Старына Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, — кажа суразмоўца. — Вельмі ганаруся, што з’яўляюся земляком знакамітага Дзеда Талаша — удзельніка партызанскага руху ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Дзяцінства, як і ў іншых маіх равеснікаў з вёскі, было беднае. У нашай сям’і акрамя мяне выхоўваліся яшчэ трое братоў і дзве сястры. Тата з мамай працавалі ў калгасе. Вядома, што грашовай аплаты ў той час для работнікаў сельскай гаспадаркі не было, шчыравалі ўсе толькі за працадні і атрымлівалі натураплату, у асноўным, зернефуражом.

Тым не менш, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці бацькі адправілі мяне пасля школы вучыцца ў Мазырскае медвучылішча, пасля заканчэння якога я і трапіў па размеркаванні ў Шаркаўшчынскі раён. Першым месцам маёй працы стаў Пялікаўскі фельчарска-акушэрскі пункт. У гэтай жа вёсцы спаткаў сваю другую палову — прыгожую маладую дзяўчыну Анну, з якой неўзабаве афіцыйна аформілі адносіны. Разам з ёй мы вырашылі паступаць у навучальныя ўстановы, каб набыць вышэйшую адукацыю. Анна стала студэнткай завочнага аддзялення філфака БДУ, а я паступіў на стацыянар лячэбнага аддзялення Віцебскага медінстытута. Нашы студэнцкія гады прайшлі ў расстанні. Калі прыходзілі летнія канікулы, я вяртаўся дамоў, а ў Анны ў гэты час ва ўніверсітэце пачыналася экзаменацыйная сесія.

Пасля набыцця вышэйшай адукацыі я стаў галоўным санітарным урачом раёна, а Анна настаўніцай. У сям’і нарадзіліся сын і дачка. Пачаўся новы этап у нашым сямейным жыцці. Пасля санстанцыі перайшоў працаваць на пасаду ўрача-неўрапатолага цэнтральнай раённай бальніцы, а пасля, да выхаду на заслужаны адпачынак, з’яўляўся ўрачом-псіхіятрам. Дарэчы, мой агульны працоўны стаж складае 44 гады, 3 месяцы і 23 дні. Акрамя асноўных урачэбных абавязкаў я яшчэ з’яўляўся і старшынёй прафкама райбальніцы. Добра памятаю, як разам з калегамі мы ладзілі выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, ездзілі па клубных установах раёна і за яго межы. Кожны год арганізоўвалі экскурсійныя паездкі. Бывалі ў Маскве, Ленінградзе, Рызе, Таліне, Кіеве, на Крымскім паўвостраве, а таксама ў іншых гарадах і славутых мясцінах былога Савецкага Саюза. Шкада, што нельга вярнуць той час назад, каб зноў сустрэцца з калегамі, з якімі рабіў першыя крокі ў прафесіі, аказваў медыцынскую дапамогу людзям.

Але сумаваць няма калі, бо, хутка прыгрэе вясновае сонейка і мы з Аннай Ювінальеўнай паедзем у Пялікі, у бацькоўскую хату маёй жонкі. Наогул, у горадзе мы толькі зімуем, а з ранняй вясны і да позняй восені жывём у вёсцы. Там у нас зямельны ўчастак, дзе вырошчваем разнастайную гародніну. Маецца нават пчальнік, за пчоламі, дарэчы, даглядае жонка. Я ж вельмі захапляюся рыбнай лоўляй. Люблю пасядзець на беразе Дзісны з вудай у руках ці са спінінгам прайсціся ўздоўж нашай ракі, каб, злавіўшы шчупака, парадаваць Анну Ювінальеўну ўласна прыгатаванай юшкай да абедзеннага стала.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *