Загадчыца канцылярыі Вера Генадзьеўна Рабіза — у ліку самых адказных, надзейных і вопытных работнікаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна. На сваёй пасадзе ў арганізацыі жанчына працуе на працягу 31 года. Тры дзесяцігоддзі на службе ў закона праляцелі як адно імгненне, і сёння ўсе яе калегі з упэўненасцю сцвярджаюць: зладжанасць і эфектыўнасць работы органа пракуратуры на тэрыторыі нашага раёна нельга ўявіць без непрыкметнай, на першы погляд, працы загадчыцы канцылярыі. Дзякуючы штодзённай, карпатлівай працы Веры Генадзьеўны ў калектыве ствараецца добразычлівая атмасфера, хутка вырашаюцца многія надзённыя пытанні, своечасова выдаюцца загады, у адпаведнасці з законам афармляецца ўся неабходная дакументацыя. Акуратна вядзецца справаводства, выконваецца неадкладная работа з паперамі. Дзякуючы гэтаму кожны дакумент у пракуратуры — на сваім месцы.
Вера Генадзьеўна нарадзілася ў вёсцы Шышкі, вучылася ў Велікасельскай васьмігадовай, потым у Германавіцкай сярэдняй школе. Закончыла Полацкае кааператыўнае вучылішча, пасля якога два гады па размеркаванні працавала ў сістэме райспажыўтаварыства. Непрацяглы перыяд была аператарам лічыльна-машыннага аддзела сельгастэхнікі. А калі ў 1986 годзе з’явілася свабодная вакансія, перайшла працаваць у пракуратуру. У той час маладой загадчыцы канцылярыі споўнілася яшчэ толькі 23 гады. І сёння мая суразмоўца вельмі ўдзячная многім людзям, сваім кіраўнікам і калегам па працы, якія вучылі, заўсёды дапамагалі, падтрымлівалі і давалі слушныя парады. Асаблівыя словы падзякі былому намесніку пракурора раёна Лене Казіміраўне Драгель — вопытнаму юрысту, высокакласнаму спецыялісту і цудоўнай жанчыне, з якой увесь працоўны шлях прайшлі побач, разам адпрацавалі тры дзясяткі гадоў і якая зусім нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак.
Амаль 20 гадоў вадзіцелем у пракуратуры раёна працуе муж Веры Генадзьеўны Мікалай Канстанцінавіч Рабіза — чалавек, якога таксама вельмі цэняць і паважаюць у калектыве пракуратуры. Муж і жонка дастойна выхавалі двух ужо дарослых сыноў, зараз у бабулі і дзядулі тры маленькія ўнучкі. Старэйшы сын Генадзь з’яўляецца старшым інспектарам групы кадраў Бярэзінскага РАУС, малодшы Дзяніс закончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і працуе камандзірам зянітна-ракетнай батарэі ў горадзе Барысаў.
За сваю шматгадовую добрасумленную працу ў пракуратуры раёна Вера Генадзьеўна неаднаразова атрымлівала ўзнагароды, у ліку якіх Ганаровыя граматы райвыканкама і юбілейны медаль “90 год пракуратуры”.
Работа ў нашай структуры няпростая, але я ніколі не пашкадавала, што адпрацавала ўсё жыццё ў пракуратуры, — напрыканцы нашай размовы адзначыла мая суразмоўца. — Заўсёды адчувала вялікую адказнасць за сваю работу. Адчуваю яе і зараз. Бо ва ўсе часы ў пракуратуру ўсё так жа са сваімі праблемамі прыходзяць людзі, якія спадзяюцца на тое, што ўсе спрэчныя пытанні будуць вырашаны ў адпаведнасці з Законам. Для гэтага мы і працуем.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
