
Закончыўся 2011 год. Якім ён быў для пажарных — такое пытанне было адрасавана інспектару інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС Леаніду Фамічу БРЫЛЁВУ.
— Леанід Фаміч, раскажыце пра тое, колькі пажараў адбылося ў 2011 годзе?
— На тэрыторыі раёна зафіксаваны 27 пажараў. Загінулі чатыры чалавекі. Агнём знішчана 6 пабудоў. Агульны ўрон склаў 112 млн. рублёў.
— Акрэсліце геаграфію пажараў.
— Найбольш узгаранняў адбываецца ў сельскай мясцовасці. У райцэнтры зарэгістраваны 5 пажараў. У лідарах — Германавіцкі сельскі Савет, дзе адбылося 8 трагедый. У Іёдскім с/с пажарныя 4 разы выязджалі на ўтаймаванне агню. Па тры пажары адбыліся ў Більдзюжскім і Валожынскім сельсаветах. Двойчы фіксаваліся ўзгаранні ў Радзюкоўскім сельсавеце.
— Па якіх прычынах адбываюцца трагедыі?
— Найбольш узгаранняў — 17 — зафіксаваны па прычыне неасцярожнасці ў стасунках з агнём. Парушэнні правілаў эксплуатацыі электраправодкі прывялі да пяці трагедый. Прычынай трох пажараў прызнана парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Таксама ў 2011 годзе адзін пажар адбыўся з-за дзіцячых гульняў з агнём, выяўлены адзін факт падпальвання.
— Наколькі вядома, пажарныя ратуюць людзей і матэрыяльныя каштоўнасці. Ці былі падобныя факты ў мінулым годзе?
— Канешне. Дзякуючы зладжаным і прафесійным дзеянням супрацоўнікаў РАНС уратаваны 3 чалавекі, 56 будынкаў, 17 тон кармоў, 3 галавы жывёлы і матэрыяльных каштоўнасцей на суму 351 млн. рублёў.
— Леанід Фаміч, раскажыце пра здарэнні, якіх магло не быць.
— Сіламі супрацоўнікаў РАНС вядзецца значная прафілактычная работа, накіраваная на недапушчэнне пажараў. Але ж некаторыя ўзгаранні цяжка папярэдзіць. Вось адзін з выпадкаў, які меў месца ў снежні ў вёсцы Зарэчча на мяжы Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. Прыгожыя мясціны — побач лес, рака, ёсць дарога. Дом выкарыстоўваўся як дача — гаспадыня там праводзіла амаль ўсё лета. І вось 1 снежня 2011 года нецвярозы жыхар вёскі Пратасы Глыбоцкага раёна Н. Карзінка ішоў па дарозе — вяртаўся дамоў з гасцей. Спыніўся каля дома, выбіў акно і вырашыў адпачыць на канапе. Лежучы, “госць” паліў цыгарэты. Адпачыўшы і набраўшыся сіл для апошняга рыўка, — трэба было дацягнуць дадому — вясковец рушыў наперад. А тым часам дом у Зарэччы загарэўся. Канешне, будынак быў застарахаваны. Але ж што такое шэсць мільёнаў рублёў для гаспадыні, якая страціла дагледжаную дачу — памяць пра дзяцінства, бацькоў?
— Якія высновы павінен зрабіць кожны, хто прачытае названы матэрыял?
— За прыведзенымі сухімі лічбамі схаваны чалавечыя жыцці і лёсы. Усе мы павінны зразумець, што важна клапаціцца пра бяспеку ўласную, а таксама сваіх блізкіх, родных, суседзяў. Таму няхай гэты матэрыял стане штуршком для таго, каб задумацца пра пажарную бяспеку ўласнага жылля — праверыць электраправодку, спраўнасць электраабсталявання, перагледзець печы і дыхамоды. Трэба зразумець, што гэта патрэбна не інспектару дзяржпажнагляду, а, перш за ўсё, гаспадарам, якія жывуць у доме ці кватэры. Давайце агульнымі намаганнямі зробім так, каб 2012 год не быў азмрочаны трагедыямі.
— Дзякуй за размову!
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА
