19 сакавіка свой юбілей адзначыла Зінаіда Паўлаўна Рабіза — былая настаўніца і дырэктар Шкунцікаўскай школы

Молодежь

IMG_88 (Копировать)Школа ў вёсцы – культурна-асветніцкі цэнтр. Да яе бягуць сцяжынкі ад дамоў вучняў, і ад яе гэтыя сцежкі вядуць у будучыню. Вось і ў Шкунцікаўскую базавую школу  на працягу многіх дзясяткаў гадоў вясёлымі стайкамі спяшаліся дзеці, дзе іх чакалі любімыя настаўнікі. У іх ліку — Зінаіда Паўлаўна Рабіза – былая вучаніца, настаўніца, завуч і дырэктар Шкунцікаўскай школы.  19 сакавіка заслужаны педагог адзначыла свой чарговы юбілей.

У Шкунціках Зінаіда Паўлаўна закончыла сямігодку, сярэднюю адукацыю атрымала ў Лужках, а праз некалькі гадоў, калі паступіла на завочнае аддзяленне Пскоўскага педагагічнага інстытута, вярнулася ў родную школу ўжо настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Праз некаторы час стала завучам, а потым і дырэктарам  Шкунцікаўскай  школы, дзе калісьці вучылася і сама.

Зінаіда Паўлаўна даволі рана выйшла замуж. У школе яна вучылася вельмі добра, і ўжо калі ў яе была свая сям’я і маленькі сын, вельмі хацелася вучыцца далей,каб  атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэту мару ўдалося ажыццявіць толькі дзякуючы бацькам мужа, якія заўсёды падтрымлівалі сваю нявестку, дапамагалі ёй з дзецьмі, адпускалі маладую маці на сесію ў педінстытут. Усё жыццё Зінаіда Паўлаўна была ім за гэта ўдзячна. Бо менавіта школа для жанчыны стала неад’емнай часткай яе  душы і пачаткам ўсіх жыццёвых дарог.

Агульны педагагічны стаж маёй суразмоўцы налічвае чатыры дзесяцігоддзі, з іх 12 гадоў – на пасадзе дырэктара. За шматгадовую добрасумленную працу і  асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі раёна З. П. Рабіза ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі”.

Жанчына ўжо даўно на заслужаным адпачынку. Разам з мужам Віктарам Васільевічам яна жыве ў Шкунціках ва ўласным доме. І, як кажуць, настаўнік заўсёды застаецца настаўнікам: і ў выхадныя дні, і ў святы, і на пенсіі. Зінаіда Паўлаўна па-ранейшаму памятае ўсіх сваіх вучняў, ганарыцца імі, радуецца іх поспехам.  — Гэта зараз у нашых краях застаўся адзін толькі вучань, -адзначае жанчына,а  калі я працавала дырэктарам, Шкунцікаўскую школу наведвалі каля 130 дзяцей. Я з самага ранняга дзяцінства хацела быць педагогам, і за дзесяцігоддзі работы ў школе ніколі аб гэтым не пашкадавала. Вельмі люблю дзяцей, іх звонкі смех, мне заўсёды з імі цікава.

Вось і многія вучні Зінаіды Паўлаўны, якія закончылі Шкунцікаўскую базавую школу,у будучым звязалі сваё жыццё з педагогікай. У іх ліку сын гераіні гэтага матэрыялу – Сяргей Віктаравіч Рабіза – настаўнік гісторыі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1. Нявестка  Ала Чаславаўна  ў школе № 1 нашага гарадскога пасёлка выкладае   працоўнае навучанне і чарчэнне. А адна з унучак юбіляркі  Вікторыя закончыла факультэт замежных моў  Наваполацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і зараз жыве і працуе ў Мінску.

Зінаіда Паўлаўна і Віктар Васільевіч Рабіза выхавалі двух сыноў, у іх 4 унукі, 2 праўнучкі.

Старэйшы сын , як ужо было сказана, працуе настаўнікам, малодшы Аляксандр звязаў свой лёс з ваеннай службай, зараз  ён ваенны пенсіянер і жыве ў Калінінградзе.  Унукі ўжо амаль усе дарослыя, знайшлі сваё месца ў жыцці,і  зараз Зінаіда Паўлаўна і Віктар Васільевіч імі вельмі ганарацца. У сям’і падрастаюць маленькія праўнучкі і, хто ведае, магчыма  яны будуць дастойна працягваць педагагічную дынастыю сваёй сям’і , як  у свой час і  Зінаіда Паўлаўна, за плячамі якой 40 гадоў педагагічнага стажу работы ў адной школе. Дарэчы, многія  першыя выпускнікі гэтай заслужанай настаўніцы ўжо і самі сталі бабулямі і дзядулямі. А яна, Зінаіда Паўлаўна Рабіза, па-ранейшаму іх настаўніца, якую вельмі цэняць, любяць, памятаюць і ад усёй душы  віншуюць з юбілеем усе яе вучні.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *