Напярэдадні Новага года самую прыгожую ёлку краіны змаглі ўбачыць 128 вучняў нашага раёна. Цікавыя экскурсійныя паездкі на навагодняе прадстаўленне ў Палац Рэспублікі прапанавала таварыства з дадатковай адказнасцю “Ельня-экатур”. Сваімі ўражаннямі пра захапляльнае падарожжа ў Мінск падзяліліся вучаніцы 10 “Б” класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 Наталля ХАДАНЁНАК і Каця ЕРМАЛОВІЧ, якія пасля заканчэння зімовых канікул завіталі ў рэдакцыю:
— У перадапошні дзень года вучні нашай школы накіраваліся ў горад Мінск, каб убачыць казачнае тэатралізаванае прадстаўленне ля галоўнай ёлкі краіны. Свята ўсім вельмі спадабалася. Запомніліся казачныя персанажы, з якімі можна было сфатаграфавацца. Шаркаўшчынскіх вучняў, асабліва хлопчыкаў, зацікавіла выстава макетаў аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Адчуць сапраўдны дух зімы дапамагла і паездка на каток, арганізаваная пасля заканчэння навагодняга прадстаўлення. Улічваючы капрызы сёлетняга надвор’я, жадаючых пакатацца на каньках было вельмі шмат. Завяршылася экскурсія наведваннем “Макдональдса”. Дадому мы прыехалі з прыгожымі сувенірамі, цікавымі фотаздымкамі і найлепшымі ўражаннямі пра навагодняе падарожжа. На свяце многія з нас пазнаёміліся са сваімі аднагодкамі з іншых рэгіёнаў. Зараз зносіны працягваюцца па інтэрнэту.
* * *
Дружба пачынаецца з усмешкі
Наступны ліст у рэдакцыю “Кліч Радзімы” даслаў удзельнік гуртка “Рэпарцёр” Іёдскай сярэдняй школы-сада Аляксандр ЦЯРЭНЦЬЕЎ:
“Багатымі на падзеі былі сёлетнія зімовыя канікулы. Толькі адгучаў навагодні баль-маскарад, як вучні 8—9 класаў пачалі збірацца на экскурсію ў аграгарадок Більдзюгі. Пасля наведвання новага жывёлагадоўчага комплексу школьнікі адзначылі, што ў сучасных умовах праца аператара машыннага даення аблегчана, чалавеку неабходна толькі ўпраўляць тэхнікай. У час экскурсіі дзеці пабывалі таксама ў школе і ў спартыўным комплексе.
А на наступны дзень, 29 снежня, вучні Більдзюжскай сярэдняй школы прыехалі да нас у госці, каб паспрабаваць свае сілы ў спорце. Дзяўчаты гулялі ў баскетбол, хлопцы — у валейбол. І хоць перамогу на гэты раз святкавалі госці, пра сяброўскую сустрэчу засталіся толькі добрыя ўражанні. У якасці ўзнагароды ўсе атрымалі смачныя падарункі. Быў арганізаваны салодкі стол. Атрымаўшы зарад бадзёрасці і крыху стомленыя, вучні пілі чай з цукеркамі і ўсміхаліся. Дружба пачынаецца з усмешкі! Упэўнены, што гэта сустрэча была не апошняй”.
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ
…І чуюцца крокі Дзеда Мароза
І зноў у нашай рэдакцыйнай пошце лісты ад школьнікаў. На гэты раз сваімі ўражаннямі аб святкаванні Новага года з намі падзялілася дзевяцікласніца Лужкаўскай СШ Святлана РАДЗЕВІЧ. Вось што яна піша:
“Навагодняму святу ў нашай школе папярэднічала вялікая падрыхтоўка. Дзіцячая фантазія не мае межаў: кабінеты і калідоры былі ўпрыгожаны рознакаляровымі цацкамі, плакатамі з вясёлымі драконамі, навагоднімі кампазіцыямі. Яшчэ больш адчуваецца свята, калі з’яўляецца прыгажуня-ёлка і паўсюль разносіцца прыемны пах свежасці. Тады, здаецца, нават чуюцца крокі Дзеда Мароза…
Вось і пачынаецца доўгачаканае шоу. Упрыгожаная сцэна, невялічкая елка каля яе. Усе госці, затаіўшы дыханне, чакаюць пачатак. Хвалююцца за сцэнай і юныя «артысты».
Адкрылі навагодні канцэрт вядучыя, сказаўшы некалькі слоў віншавання. Далей мы бачым невялічкую сцэнку, дзе Іван-дурань і яго жонка Мар’я трапляюць у цікавыя прыгоды: прапалі Дзед Мароз і Снягурка, і Івану трэба адпраўляцца на іх пошукі. Потым ён трапляе да Бабы-Ягі, дзе яго чакае яшчэ шмат “сюрпрызаў”. Уперамежку са сцэнкай ідзе выступленне класаў.
Васьмікласнікі прапанавалі парад зорак. Усім вельмі спадабалася, гэта можна было зразумець па апладысментах. Дзясяты клас паказаў шмат цікавага: там былі і песні, і танцы, і захапляючы гараскоп знакаў задыяка, нават казка на сучасны лад. А які арыгінальны і смелы паказ мод… Усе, хто жадаў, праявіў свой талент. Вучні адзінаццатага класа здзівілі сваёй смеласцю да эксперыментаў. Дзяўчаты не пабаяліся праявіць сябе ў ролі мужчын, а хлопцы паспрабавалі сябе, хоць на хвіліну, у ролі жанчын.
Нечакана знайшліся Дзед Мароз са Снягуркай, якія прывялі з сабой сімвал 2012 года — Дракона. Яны ад ўсяго сэрдца пажадалі шмат цікавага, захапляльнага і добрага ў Новым годзе.
У заключэнне дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна павіншавала ўсіх з Новым годам, і не толькі… Удзельнікі раённых алімпіяд і рэспубліканскіх конкурсаў атрымалі прызы і падзякі за поспехі. А ўсе класы былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі.
Несумненна, у гэты вечар гледачы атрымалі прыемны зарад бадзёрасці і добры пераднавагодні настрой”.

