За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і ў сувязі з 50-гадовым юбілеем Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Васюкі” Віктар Мар’янавіч Арцюшэўскі. Узнагароду кіраўніку сельгаспрадпрыемства падчас адной з чарговых нарад ўручыў старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч.
Віктар Мар’янавіч на працягу апошніх адзінаццаці гадоў з’яўляецца дырэктарам ААТ “Васюкі”, у сельскагаспадарчую вытворчасць прыйшоў працаваць амаль тры з паловай дзясяткі гадоў назад. Спачатку быў энергетыкам, потым начальнікам аддзялення , затым галоўным аграномам. І сёння, адпрацаваўшы на розных участках вытворчасці, кіраўнік добра ведае і разумее ўсе працэсы ў сельскай гаспадарцы, пачынаючы ад нарыхтоўкі кармоў і заканчваючы падвядзеннем вынікаў работы прадпрыемства за год.
Віктар Мар’янавіч нарадзіўся ў вёсцы Курылавічы нашага раёна. Спачатку закончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум, потым Вялікалукскую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці электрыфікацыя ў сельскай гаспадарцы. Зараз дырэктар ААТ “Васюкі” разам з сям’ёй пражывае ў аграгарадку “Васюкі”. Жонка Марыя Дзмітрыеўна працуе настаўніцай Станіславоўскай базавай школы. Малодшая дачка Паліна вучыцца ў 9 класе, старэйшая Надзея жыве і працуе ў Баранавічах. У ліку найбольш значных жыццёвых дасягненняў юбіляр з асаблівай радасцю называе статус “дзеда”. У сям’і старэйшай дачкі падрастае ўнук Віктара Мар’янавіча і Марыі Дзмітрыеўны Арцюшэўскіх Ягор, якому зараз чатыры гады.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.