І так многа хочацца Вам у гэты дзень пажадаць. Іван Сямёнавіч Шчарбакоў адсвяткаваў 90-гадовы юбілей

Актуальное

юбіляр Іван Сямёнавіч Шчарбакоў (злева) разам са сваімі гасцямі

18 студзеня ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, ганароваму жыхару гарадскога пасёлка Шаркаўшчына Івану Сямёнавічу Шчарбакову споўнілася 90 гадоў. З нагоды юбілея да ветэрана завітала мноства гасцей. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Аляксандр Дзіслававіч Далецкі, прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі раёна Галіна Мікалаеўна Філатава, Яўгеній Фаміч Кандраценка, Лідзія Іванаўна Шаблоўская, Уладзімір Пятровіч Слабовіч, удзельнікі гуртка «Цімураўскі штаб» разам з яго кіраўніком Галінай Васільеўнай Рабіза з Шаркаўшчынскай СШ №2. Усе госці звярнуліся да ветэрана з віншаваннямі, пажаданнямі добрага здароўя.
— Вы сёння святкуеце 90-гадовы юбілей, — падвёў рысу пад віншаваннямі Яўгеній Фаміч Кандраценка, — Малайцы, што дайшлі да гэтага рубежа. Цяпер задача датрымацца і ў гэтым жа доме адсвяткаваць праз дзесяць гадоў стагадовы юбілей.
Іван Сямёнавіч пражыў доўгае, няпростае, напоўненае падзеямі жыццё. Ураджэнец Смаленшчыны, ён быў прызваны ў савецкую армію ў маі 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Удзельнічаў у гераічнай абароне Ленінграда, у студзені 1944 года падчас жорсткіх баёў за вызваленне горада ад блакады атрымаў цяжкае раненне. Пасля выздараўлення быў дэмабілізаваны. У Шаркаўшчыну жыццёвыя дарогі прывялі яго ў 1966, тут ён працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, старшынёй партыйнай камісіі, два гады прысвяціў рабоце ў райспажыўтаварыстве.
Іван Сямёнавіч падзяліўся з гасцямі сваімі ўспамінамі пра франтавое жыццё, пасляваеннае жыццё, думкамі пра сучасную сітуацыю, падзякаваў за віншаванні і падарункі.
— Лічу, што ў жыцці я свае абавязкі перад краінай выканаў, — сказаў ветэран. — Ваеваў, працаваў на агульную карысць. Цяпер справа за вамі, за маладымі.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *