6 красавіка на базе Шаркаўшчынскай СШ №1 прайшоў раённы семінар дырэктараў навучальных устаноў

Актуальное Молодежь

IMG_9062На базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 у красавіку прайшоў семінар дырэктараў навучальных устаноў раёна. Тэмай сустрэчы педагагічных работнікаў стала абмеркаванне пытання “Развіццё інтэлектуальных і творчых магчымасцяў навучэнцаў у адукацыйным працэсе і пазаўрочнай дзейнасці”.

Дырэктар навучальнай установы Сяргей Рафаілавіч Ганебны напачатку расказаў прысутным пра школу. На сенняшні дзень СШ № 1 гарадскога пасёлка — найбольшая ў раёне, яе наведваюць 655 вучняў. Працуюць тут 66 педагогаў, з якіх чатыры з’яўляюцца выдатнікамі асветы. 26 настаўнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У школе маюцца 30 класаў-камплектаў, 46 вучэбных кабінетаў, 2 музеі, інтэрнат. Харчблок на пераменах абслугоўвае 160-170 вучняў. Ва ўсіх вучэбных кабінетах заменены аконныя блокі, адрамантаваны дах. СШ № 1 — адзіная школа раёна, дзе маецца сістэма электронных дзённікаў і журналаў. Наогул, у школе на высокім прафесійным узроўні будуецца вучэбна-выхаваўчы працэс, якім кіруе калектыў вопытных педагогаў. Вучні маюць выдатную магчымасць набываць патрэбныя веды ў профільных класах па розных прадметах. Сярод апошніх новаўвядзенняў у СШ № 1 — адкрыццё царкоўнага класа. Заняткі ў ім наведваюць 13 вучняў. Дзякуючы протаіерэю Пятру Бараноўскаму хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць вывучаць Біблію і Божы Закон. Прысутным таксама прадэманстравалі відэафільм пра гісторыю і сённяшні дзень навучальнай установы.

Затым прысутныя педагогі наведалі адкрытыя ўрокі. Настаўнік англійскай мовы Аляксандр Авімавіч Кандрацьеў правёў занятак у профільнай групе 10 “Б” класа па тэме “Вялікія людзі”, настаўніца беларускай мовы Алена Дзмітрыеўна Піланц — у 9 “В” класе па тэме “З любоўю да роднай зямлі”. На ўроку матэматыкі вучні 6 “Б” класа з настаўніцай Эльвірай Браніславаўнай Сокалавай праходзілі тэму “Усе дзеянні з натуральнымі лічбамі”. Настаўніца Лілія Аляксандраўна Касарэўская правяла адкрыты факультатыў у 10 “А” класе, які называўся “Даследуем гуманітарнае права”. З вялікай цікавасцю педагогі наведалі занятак гуртка па інтарэсах “Майстрыца”, дзе настаўніца Ала Чаславаўна Рабіза правяла майстар-клас па валянні воўны. А ў 11 “Б” класе педагог Сняжана Пятроўна Скопец разам з вучнямі працавалі над вусным выказваннем як сродкам развіцця творчых магчымасцяў на факультатыўным занятку “Культура мовы”.

“І грэюць сэрца памяці імгненні…” Менавіта такую назву мае выстава, экспанаты якой прадэманстравала настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская. Кожны з прысутных змог убачыць фотаздымкі мінулых гадоў, на якіх адлюстраваны наш гарадскі пасёлак. Вучні старэйшых класаў у тэатралізаванай форме нагадалі, якой была сістэма адукацыі ў нашым краі, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.

Працягам азнаямлення з навучальнай установай стала экскурсія ў школьны музей. Пра асноўныя вехі гісторыі станаўлення і развіцця адукацыі ў Шаркаўшчыне расказала настаўніца Марына Станіславаўна Хахолка. Асабліва цікавым быў яе аповед пра настаўніцкія дынастыі Мяхедкаў, Рабізаў, Шаблоўскіх, Пранікаў, якія сваё жыццё прысвяцілі педагагічнай справе і выхаванню падрастаючага пакалення.

За “круглым сталом” удзельнікі семінара — спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дырэктары навучальных устаноў — падвялі вынікі мерапрыемства, выказалі сваё меркаванне па асноўнай тэме форума, акрэслілі шэраг пытанняў у дадзеным накірунку. Кожны з удзельнікаў пашырыў сваё ўяўленне пра сутнасць асноўнай тэмы семінара, павысіў уласную прафесійную кампетэнтнасць, пераняў вопыт педагогаў сярэдняй школы № 1.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9051 IMG_9052 IMG_9056 IMG_9058 IMG_9060 IMG_9063 IMG_9067 IMG_9070 IMG_9073 IMG_9075 IMG_9077 IMG_9083 IMG_9092 IMG_9093 IMG_9102 IMG_9112 IMG_9114 IMG_9118 IMG_9119 IMG_9120 IMG_9122 IMG_9129 IMG_9132 IMG_9134 IMG_9136 IMG_9142 IMG_9144 IMG_9145 IMG_9148 IMG_9149 IMG_9152 IMG_9168

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *