Апошнім часам малако — галоўны прадукт на стале ў большасці людзей. Пакупнікі гэтай прадукцыі пільна сочаць за яе коштам. А каб малако было танным, трэба надойваць яго больш. І забяспечваюць ім нас, пакупнікоў, работнікі малочных ферм і комплексаў.
Не збядняць рацыёны
На аснове аналізу работы жывёлаводаў ААТ “Княж” за мінулы год, ферма Прамяны займае першае месца ў працоўным спаборніцтве.Пазнаёміцца з яе працаўнікамі, іх праблемамі і поспехамі і ставілі мэтай ў час наведвання гаспадаркі.
Кармы развозілі на конных павозках жывёлаводы-даглядчыкі. У жывёлагадоўчым памяшканні яны віламі раскідвалі сілас і сянаж па кармушках. Пацікавіліся ў загадчыцы фермы Святланы Васільеўны Рубніковіч, рацыёнамі, распрацаванымі для кармлення кароў.
Як высветлілася, кожная жывёліна атрымлівае па 20 кілаграмаў сіласу і столькі ж сенажу, а канцэнтраты выдаткоўваюцца для толькі ацяліўшыхся кароў па 3 кілаграмы, дойных — па 2 і сухастойных — па 1 кілаграму.
Дойны статак у 116 жывёлін замацаваны за трыма даяркамі. Па выніках работы за год першынство сярод іх па валаваму надою трымае Таццяна Станіславаўна Трапачка — 131,5 тоны малака надаіла за год, на другім месцы Раіса Мікалаеўна Фёдарава — 128,7 і ў Раісы Леанідаўны Атопкінай — 124,4 тоны. А вось па надоях малака на карову першае месца заняла Р. М. Фёдарава. Яна надаіла ў сярэднім на карову па 5318 кілаграмаў, на другім месцы Р. Л. Атопкіна — 4976 і ў Т. С. Трапачка — 4325 кілаграмаў.
Таварнасць малака па ферме склала 87 працэнтаў. 18 працэнтаў прадукцыі рэалізавалі гатункам “экстра” і астатнюю колькасць — вышэйшым. Трэба сказаць, што ўсе даяркі спрацавалі са значнай прыбаўкай да папярэдняга года.
Дарэчы, на ферме арганізавана трохразовае даенне кароў.
У прафілакторыі ўтрымліваюцца 7 маленькіх цялятак. Ім выдаткоўваецца сена, авёс, тры разы на дзень пояць малаком, травянымі адварамі або цёплай вадой, ёсць мел, соль. Даяркі зацікаўлены ў тым, каб не было паморку маладняку, таму з адказнасцю адносяцца да сваёй справы.
Як паведаміла загадчыца фермы, плануецца яшчэ двое ацёлаў у гэтым месяцы, а масавыя пачнуцца ў лютым—красавіку. Мяркуюць, што статак маладняку папоўніцца на 39—40 цялятак.
Зразумела, поспех забяспечваецца за кошт старанных адносін да сваіх абавязкаў працуючых, аднак не менш важную ролю адыгрываюць кармы. Даглядчыкі кажуць, што сянаж палівалі разведзенай патакай, таму і паядаемасць яго была добрая. Закончыліся гэтыя дабаўкі і запасаў караняплодаў ужо няма. Але, не траціць аптымізму Святлана Васільеўна. Падлічыла, што каля фермы яшчэ захоўваецца звыш 800 тон сіласу і сенажу. Будзе чым карміць статак, толькі менш каштоўнымі як было да гэтага кармамі.
Усе работнікі ферм забяспечаны спецвопраткай, у пакоі адпачынку, які ацяпляецца з дапамогай печкі, прасторна, на сценах маецца ўся патрэбная наглядная агітацыя.
Толькі чакаюць жывёлаводы, калі і ў іх пройдзе рэканструкцыя памяшкання, калі кармы жывёле будуць раздавацца не ў такіх прымітыўных умовах, а з дапамогай кормараздатчыка і даіць стануць у малакаправод.
Кацярына СОСНА