Кадры вырашаюць усё. Гэты крылаты выраз быў аднойчы сказаны, каб звярнуць увагу на важнасць адукацыі і прафесіянальных навыкаў чалавека пры падыходзе да вырашэння важных пытанняў. Правільны падбор кадраў, якія ўвасабляюць у жыццё ідэі, значным чынам аказвае ўздзеянне на іх рэалізацыю. Менавіта таму шматлікія арганізацыі жадаюць мець кваліфікаваных работнікаў і гатовыя праводзіць адбор кадраў на вакантныя месцы.
Тэма працаўладкавання беспрацоўных грамадзян сёння надзвычай актуальная ў грамадстве. У век камп’ютарных тэхналогій і камунікацый шукаць працу прасцей дыстанцыйна. Але ўсё ж у жывой сустрэчы наймальніка і суіскальніка працоўнага месца ёсць неабходнасць.
Упершыню ў нашым раёне 7 красавіка спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама правялі кірмаш вакансій. На яго прыйшлі 96 чалавек, якія знаходзяцца ў пошуку работы. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі дваццаці дзвюх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, якія прапаноўвалі вакантныя працоўныя месцы.
— Па стане на 7 красавіка ў Шаркаўшчынскім раёне маецца 160 вакансій, — паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Барысаўна Жук. — З іх 36 вакансій — гэта пастаянныя працоўныя месцы і 124 — часовыя і сезонныя. З 36 вакансій пастаяннай работы — 29 у сельскай мясцовасці, з іх 24 патрабуюць спецыяльнай кваліфікацыі. Гэта аграномы, ветурачы, лабаранты, ветфельчары і іншыя.
Для людзей, якія не маюць спецыяльнасці, мы прапаноўваем навучанне ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шаркаўшчынскага райвыканкама. Тут можна набыць спецыяльнасці аператара кацельнай, аператара машыннага даення, трактарыста-машыніста, электрагазазваршчыка. У навучальных установах гарадоў Віцебска і Полацка можна атрымаць спецыяльнасці страхара, вадзіцеля пагрузчыка, ліфцёра, маляра, тынкоўшчыка, плітачніка. Сёлета для 56 беспрацоўных чалавек, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, плануецца арганізацыя аплочваемых грамадскіх работ па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка, сельскіх населеных пунктаў, устаноў і арганізацый раёна.
Што ж прапаноўвалі наймальнікі суіскальнікам працы? Напрыклад, цэнтральнай раённай бальніцы патрабуюцца ўрач акушэр-гінеколаг, урач-рэнтгенолаг, фельчар-лабарант, загадчык Кубелеўшчынскага ФАПа, фельчар выязной брыгады станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Будаўнічая арганізацыя ПМК-68 прапанавала вакансіі галоўнага інжынера і інжынера па іспытах. Райветстанцыі патрабуюцца загадчык Шаркаўшчынскай участковай лячэбніцы і ветурач. У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама маецца вакансія акампаніятара Більдзюжскага СДК.
Шмат вакансій прадаставілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Гэта як пастаянныя месцы працы, якія патрабуюць адпаведнай кваліфікацыі, так і часовыя, сезонныя — жывёлаводы (пастухі). У сувязі з пачаткам вясенне-палявых работ сельгасарганізацыям патрабуюцца таксама рабочыя для падборкі камянёў, пераборшчыкі бульбы. ААТ “Жвіранка” прапанавала вакансіі намесніка дырэктара гаспадаркі па вытворчасці, галоўнага ветурача, інжынера, лабаранта, двух трактарыстаў. У КУВСП “Гарадзец” патрабуюцца галоўны аграном, інжынер па ахове працы, два аператары машыннага даення. Больш за астатніх сярод сельгаспрадпрыемстваў вакансій аказалася ў ААТ “Васюкі”. У гэтай гаспадарцы няма намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, галоўнага агранома, галоўнага заатэхніка, ветурача, аператара машыннага даення.
У гэты дзень да прадстаўнікоў арганізацый па далейшым працаўладкаванні звярнуліся 68 чалавек. З іх па пастаяннай працы — 27, часовай, сезоннай — 41, па пытаннях навучання і перападрыхтоўкі — 7 беспрацоўных.
Як падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, кірмаш вакансій, які упершыню прайшоў у нашым раёне, будзе праводзіцца і ў далейшым. І не толькі ў гарадскім пасёлку, але і ў сельскіх Саветах. У будучы панядзелак аналагічнае мерапрыемства пройдзе ў аграгарадку Германавічы. Пра яго мы паведамім нашым чытачам у бліжэйшых нумарах раённай газеты.
Сяргей РАЙЧОНАК.



















