Першы месяц вясны ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1 завяршыўся інтэлектуальнымі паядынкамі вучняў і педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі раённага турніру па “Брэйн-рынгу”, добра вядомай і любімай жыхарамі шаркаўшчынскага краю гульні. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі ўсіх навучальных устаноў раёна. Ініцыятарам і арганізатарам яго правядзення выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Як паведаміла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка, і ў педагагічным асяроддзі, і сярод старшакласнікаў інтэлектуальная гульня “Брэйн-рынг” ужо даўно стала традыцыйнай і папулярнай. З кожным годам колькасць яе прыхільнікаў не змяншаецца. А самі педагогі адзначылі,што асноўнымі складаемымі паспяховай гульні можна лічыць як уменне працаваць у камандзе, так і эрудыраванасць у розных галінах. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць пашырыць кругагляд, зацікавіцца пошукам патрэбнай інфармацыі ў далейшым. А яшчэ “Брэйн-рынг” для кожнага з удзельнікаў – гэта выдатная магчымасць праверыць свае сілы падчас захапляльнай гульні. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе павысіць аўтарытэт у калектыве, наладзіць камунікатыўныя адносіны з калегамі, адчуць сябе адной камандай. Брэйн-рынг -гэта гульня, якая аб’ядноўвае!
І яе асноўнай мэтай, безумоўна, з’яўляецца вызначэнне пераможцаў. У гэтым годзе сярод вучняў 8-9 класаў школ раёна перамогу святкавала каманда Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2. У яе складзе выступілі Дзіяна Казлоўская, Ксенія Лук’янёнак, Кацярына Ліпская, Яна Рудак, Елізавета Гернат і капітан каманды Уладзіслаў Ясюкевіч. Другое месца – у прадстаўнікоў Радзюкоўскай базавай школы, трэцяе – у эрудытаў Зоркаўскай БШ.
Падчас інтэлектуальных паядынкаў сярод вучняў сярэдніх школ 1 месца ў каманды Лужкаўскай сярэдняй школы, 2-е месца — Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1, 3-е – Більдзюжскай сярэдняй школы. Перамогу для Лужкаўскай сярэдняй школы сярод вучняў навучальных устаноў раёна ў гэтым годзе заваявалі Дзмітрый Мядзелец, Дзмітрый Шабан, Павел Далганаў, Георгій Мядзелец і капітан Віктар Мядзелец. Дзве каманды-пераможцы сярод вучнёўскай моладзі былі запрошаны на фінальныя паядынкі педагогаў, падчас якіх абедзве каманды падлеткаў прадэманстравалі выдатны рэзультат, а юнакі з Лужкоў яшчэ і заваявалі вялікую колькасць перамог сярод дарослых каманд. Падчас фінальнага этапа гульні трэцяе месца — у настаўнікаў Зоркаўскай базавай школы, другое месца – у вучняў Лужкаўскай сярэдняй школы. Абсалютнымі пераможцамі інтэлектуальнай гульні сярод каманд сістэмы адукацыі раёна другі год запар сталі педагогі Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2: Андрэй Іванавіч Татаровіч (капітан) , Юрый Іванавіч Даргель, Уладзімір Рыгоравіч Лемяшэўскі, Алена Уладзіміраўна Курылёнак, Марына Генадзьеўна Руткоўская і Кацярына Міхайлаўна Ваштай. Лепшымі ігракамі інтэлектуальных гульняў прызнаны Віктар Сцяпанавіч Морхат (Зоркаўская БШ), Аксана Анатольеўна Бабоўская (Шаркаўшчынская СШ № 1), Павел Далганаў (Лужкаўская СШ), Уладзіслаў Ясюкевіч (Шаркаўшчынская СШ № 2) і Святлана Клімза (Шаркаўшчынская СШ № 1). Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы ад арганізатараў інтэлектуальных турніраў і падарункі ад Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а каманда Шаркаўшчынскай СШ № 2, якая была прызнана лепшай па рэзультатах фінальнай серыі гульняў , яшчэ і статуэтку “Мудрая сава”.