Пасяўную кампанію пачалі ў КУВСП «Гарадзец»

Сельское хозяйство

механізатары Юрый Урублеўскі і Аляксей Стрыжонак
механізатары Юрый Урублеўскі і Аляксей Стрыжонак

На календары ўжо сярэдзіна красавіка — час масавага правядзення вясенне-палявых работ. Але пераменлівае надвор’е не дае вясковым сейбітам на поўную моц распачаць падрыхтоўку глебы і сяўбу яравых культур. Ва ўсіх гаспадарках раёна з дапамогай самаходных агрэгатаў “Раса” праводзіцца падкормка азімых зерневых, ідзе веснавое ворыва. Як і кожны год, хлебаробы ААТ “Жвіранка” і КУВСП “Гарадзец” першымі ў раёне выводзяць свае пасяўныя агрэгаты на палеткі, бо ў гэтых гаспадарках асноўная частка зямель — пясчанікі.

У аўторак, 11 красавіка, у абед ішоў дождж, але гэта не паўплывала на правядзенне работ на палетках КУВСП “Гарадзец”. У аддзяленні Верацеі працавала тэхніка. На загадзя падрыхтаваным полі загортваў насенне зернебабовых культур на МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6 механізатар Юрый Урублеўскі. На ўскрайку поля стаяў зернезапраўшчык. Своечасовы падвоз насення на ім ажыццяўляў Аляксей Стрыжонак.

— Сёлета па нашай гаспадарцы яравы клін павінен скласці 1802 гектары, — тлумачыць нам выконваючы абавязкі галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Уладзімір Жалейка. — Да сяўбы мы прыступілі 3 красавіка. Па стане на 13 красавіка пасеяна 180 га зерневых і зернебабовых культур. Маем насенне, яно у нас элітнае і першай рэпрадукцыі. Больш чым на тысячы трохстах гектарах трэба правесці веснавое ворыва — аб’ём даволі вялікі. Пакуль з плугамі тры адзінкі трактароў, плануем дадаткова падключыць яшчэ некалькі. Пасля культывацыі глебы без прамаруджвання, каб не страціць вільгаці, рухаецца пасяўны агрэгат АПП-6. У хуткім часе дадаткова падключацца дзве сеялкі “Лемкен” і адна СЗТ-5,4. Гэта дазволіць весці пасяўную кампанію больш хуткімі тэмпамі.

На веснавым ворыве задзейнічаны Расціслаў Жынгель
На веснавым ворыве задзейнічаны Расціслаў Жынгель

Вядома, нялёгка вясковым хлебаробам закладваць трывалую аснову будучаму ўраджаю, бо грашовых сродкаў на гаручазмазачныя матэрыялы і мінеральныя ўдабрэнні не хапае і надвор’е часта падводзіць, стрымліваючы тэмп сяўбы. Але насуперак цяжкасцям спецыялісты і работнікі КУВСП “Гарадзец” дружна першымі ў раёне распачалі пасяўную, каб першымі яе і закончыць.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9279 IMG_9282



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *