Інфармацыйна-адукацыйная акцыя па пафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту, якая праходзіць па ўсёй краіне, адбылася 13 красавіка ў Шаркаўшчыне. У імправізаваным медпункце, які размясціўся ў фае Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта, усе жадаючыя мелі магчымасць змераць свой артэрыяльны ціск, атрымаць кансультацыю медработніка па методыцы работы з танометрам , даведацца аб мерах папярэджання хвароб сістэмы кровазвароту і атрымаць памяткі і буклеты на гэту тэму.
Памочнік урача-тэрапеўта Шаркаўшчынскай ЦРБ Галіна Францаўна Ласоўская, якая ў гэты дзень праводзіла акцыю “Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск”, паведаміла, што падобныя акцыі ў нашым раёне – не аднаразовае мерапрыемства. Яны будуць праводзіцца ў найбольш людных месцах кожны месяц. Медыцынскі работнік адзначыла, што захаваць сэрцы і сасуды здаровымі дапаможа выкананне простых правілаў: неабходна правільна харчавацца, больш рухацца, захоўваць душэўную раўнавагу, не ўжываць табак і алкаголь, кантраляваць узровень халестэрыну і цукру ў крыві, сачыць за артэрыяльным ціскам. Штодзённая фізічная актыўнасць па 35-40 хвілін 4-5 разоў у тыдзень умацоўвае сардэчную мышцу. Карыснымі будуць хуткая хадзьба, плаванне, язда на веласіпедзе.
Галоўны спосаб падтрымаць сэрца здаровым – гэта прафілактыка. А пачаць весці здаровы лад жыцця ніколі не позна. Данесці гэту інфармацыю да людзей – асноўная мэта нашай акцыі,-падвяла вынік размовы Галіна Францаўна.
Згодна з інфармацыяй Галоўнага упраўлення арганізацыі меддапамогі, у Беларусі каля 2 мільёнаў чалавек з артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Каварства хваробы ў тым, што часта яна працякае безсімптомна. Менавіта таму яе называюць “ціхім забойцам”. Пры артэрыяльным ціску ў першую чаргу пакутуюць сэрца, сасуды, асабліва галаўнога мозга і сятчаткі вачэй, пашкоджваюцца ныркі. Павышаны ціск рэзка павялічвае рызыку інфаркта міякарда і мозга. Рэгулярнае вымярэнне артэрыяльнага ціску дазваляе дыягнаставаць паталогію на ранняй стадыі.