Імклівае, насычанае падзеямі жыццё сучаснага школьніка не стаіць на месцы. Каб усё своечасова паспець і паспяхова спалучаць вучобу з пазашкольнай дзейнасцю, неабходна навучыцца планаваць свой вольны час. Як гэта зрабіць найлепшым чынам, добра ведаюць вучні, якіх вы бачыце на здымку. Юлія Рудак, Алена Цярэшка, Аляксей і Аляксандр Стоцікі з’яўляюцца ініцыятарамі і ўдзельнікамі многіх цікавых спраў, акцый і праектаў у Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1.
Юлія Рудак зараз вучыцца ў 10 “Б” класе і адначасова ўзначальвае школьную пярвічную арганізацыю БРСМ. У дзяўчыны — мноства розных захапленняў, асноўнае з якіх — музыка. На працягу чатырох гадоў Юля была салісткай тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”, з мінулага года выступае ў складзе гурта “Фэшн”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Вера Мефодзьеўна Шуман. Творчая і абаяльная дзяўчына — пастаянны ўдзельнік шматлікіх музычных праектаў і канцэртных праграм на сцэне раённага Дома культуры, у тым ліку конкурсаў “Каляровыя сны” і “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Выступленні перад шырокай аўдыторыяй гледачоў — справа для Юлі абсалютна прывычная, таму цалкам зразумела, што на школьных святах і ўрачыстасцях гэта юная выканаўца — заўсёды жаданы госць.
Стараста 10 “Б” і аднакласніца Юлі Алена Цярэшка скончыла музычную школу па класу гітары. Менавіта з любімым музычным інструментам звязана яе асноўнае захапленне — пад гітару Алена спявае песні, аўтарам якіх з’яўляецца сама. Як удзельнік гуртка “Юны карэспандэнт” дзяўчына піша вершы, у іх адлюстроўвае праблемы і пачуцці сучасных падлеткаў, іх адносіны да жыцця. Вязанне і бісерапляценне — таксама ў ліку любімых заняткаў. Ствараць прыгажосць сваімі рукамі Алену і яе аднагодкаў навучыла настаўніца працоўнага навучання Ала Чаславаўна Рабіза.
Неразлучнымі сябрамі і лепшымі памочнікамі класнага кіраўніка 9 “А” класа па праву можна назваць братоў-двайнят Аляксандра і Аляксея Стоцікаў. Абодва юнакі вызначаюцца добрай паспяховасцю, заўсёды дастойна прадстаўляюць сваю школу на раённых, занальных і абласных мерапрыемствах. Толькі варта адзначыць, што захапленні ў братоў розныя, дарэчы, як і характары. Можна сказаць, што Аляксандр і Аляксей ўзаемадапаўняюць адзін аднаго.
Саша — сур’ёзны і разважлівы, у школе ён з’яўляецца намеснікам сакратара школьнай пярвічкі БРСМ, а з гэтага навучальнага года — яшчэ і рэдактарам газеты “Школьны двор”. Яе падрыхтоўкай займаюцца 12 юных карэспандэнтаў навучальнай установы. Саша адказвае за змест і афармленне галоўнай — тытульнай старонкі газеты. А яшчэ, будучы нязменным вядучым большасці школьных святаў і ўрачыстасцей, не пазбаўлены гэты малады чалавек і артыстычнасці — на святах з задавальненнем бярэ ў рукі гітару і спявае песні.
Аляксей Стоцік — заўзяты аматар паходаў і адзін з лепшых спартсменаў школы. Пад кіраўніцтвам свайго трэнера — настаўніка фізічнай культуры Вячаслава Васільевіча Кабелкі дасягнуў значных поспехаў у спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе. На рахунку Аляксея — чатыры бронзавыя медалі, заваяваныя на абласных і міжнародных спаборніцтвах. Новае захапленне юнака — таэквандо, у гэтым відзе адзінаборстваў хлопец спрабуе свае сілы другі год. А на школьных дыскатэках Лёша — дзі-джэй, і гэты занятак, на думку аднакласнікаў, яму вельмі падыходзіць.
Існуе меркаванне, што жыццё вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю тых момантаў, у якія чалавек адчувае сябе шчаслівым. Вось і школьнікі, узгаданыя ў гэтым артыкуле, робяць усё ад іх магчымае, каб незабыўныя школьныя гады запомніліся, і засталіся ў памяці кожнага вучня яркім, радасным і самым светлым перыядам у жыцці.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
