Сёння наш раён наведаў дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Вазміцель

Народны выбраннік

IMG_9497Сёння, 20 красавіка, праходзіў адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэме “Сацыяльная справядлівасць — ключавы прынцып беларускай дзяржавы”. У яго межах наш раён наведаў старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель. Ён правёў сустрэчу з работнікамі раённага Цэнтра культуры і Шаркаўшчынскага ўчастка філіяла ААТ АТП № 16.

Ключавая мэта палітыкі нашай дзяржавы — прадастаўленне кожнаму працаздольнаму чалавеку магчымасці ўласнай працай забяспечыць дабрабыт сабе і сваёй сям’і. Распрацавана Дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады, якая прадугледжвае комплекс мер па садзейнічанні ў працаўладкаванні, адкрыцці ўласнага бізнэсу, прафнавучанні, падтрымцы ў перасяленні беспрацоўных і членаў іх сямей на новае месца жыхарства і працы, сацыяльныя выплаты беспрацоўным і г. д. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню працоўных месцаў. У нашым раёне ў мінулым годзе было створана 15 працоўных месцаў, сёлета плануецца — 51. У чацвёртым квартале 2016 года ў Шаркаўшчынскім раёне прадастаўлена 16-ці хатнім гаспадаркам безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на суму 414 рублёў. Грамадзяне маюць права звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр УКП ЖКГ з заявай аб налічэнні безнаяўнай жыллёвай субсідыі для частковай аплаты камунальных паслуг.

Для аказання матэрыяльнай падтрымкі малазабяспечаным грамадзянам функцыянуе сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. За мінулы год яна была выплачана 703 жыхарам нашага раёна на агульную суму 160, 3 тысячы рублёў. У канцы свайго выступлення Іван Канстанцінавіч Вазміцель працытаваў словы Прэзідэнта нашай краіны А. Р. Лукашэнкі, які сказаў, што дзяржава для народа, справядлівасць, абарона простага чалавека — гэта тое, на чым стаяла і будзе стаяць беларуская дзяржаўнасць. Затым дэпутат адказаў на пытанні, якія задавалі прысутныя.

У той жа дзень І. К. Вазміцель наведаў раённы Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Як вядома, Іван Канстанцінавіч з’яўляецца лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны—2016”. Ён вырашыў за атрыманую грашовую прэмію набыць падарункі (спортінвентар) для шаркаўшчынскіх дзяцей, якія праходзяць псіхалагічную і фізічную рэабілітацыю ў дадзенай установе. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі рады падарункам і выказалі Івану Канстанцінавічу словы вялікай удзячнасці, а таксама падарылі невялікія сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі на занятках у гуртках.

У той жа дзень дэпутат наведаў Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Там Іван Канстанцінавіч азнаёміўся з умовамі пражывання хворых, перадаў на патрэбы ўстановы вопратку.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9461 IMG_9466 IMG_9469 IMG_9471 IMG_9473 IMG_9478 IMG_9484 IMG_9488



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *