Выхаванне прыродай, або экалагічныя ўрокі не забываюцца

Молодежь

IMG_678 (Копировать)Настаўніца біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы Марына Аляксандраўна Фёдарава ўпэўнена, калі зацікавіць вучняў на ўроку,  у іх абавязкова з’явіцца жаданне вывучаць прадмет і пасля таго, як празвініць школьны званок. І вельмі часта гэтага педагога разам з дзецьмі можна ўбачыць то ў старадаўнім парку побач са школай, то ў мясцовым лесе, то на тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Ельня”, дзе юныя эколагі знаёмяцца з біяразнастайнасцю роднага краю, выяўляюць экалагічныя праблемы і па магчымасці іх вырашаюць, праводзяць свае даследаванні, вучацца беражліва адносіцца да навакольнай прыроды. А для самой Марыны Аляксандраўны, настаўніцы вышэйшай катэгорыі з 22 гадовым стажам работы, — экалогія- гэта не асобныя заняткі ці выхаваўчыя мерапрыемствы, а асаблівая культура, якую абавязкова трэба фарміраваць у сучасных школьнікаў.

Як адзначылі юныя наведвальнікі Германавіцкага школьнага экалагічнага клуба, жыццё ў іх навучальнай установе цікавае і насычанае. У ліку дасягненняў – работа ў маштабных праектах “Зялёныя школы”, “Малыя рэкі – вялікія праблемы”. Дзякуючы гэтаму ў школе з’явілася абсталяванне для экалагічных даследаванняў, а вучні пазнаёміліся і працягваюць  знаёмяцца з цікавымі людзьмі,  са сваімі равеснікамі з іншых рэгіёнаў.Кім бы ні сталі  юныя эколагі з Германавіч у далейшым, назіраючы за прыродай яны навучыліся бачыць, адчуваць і ствараць прыгожае ў сваім рэальным жыцці. І гэтыя набытыя якасці яны абавязкова ўвасобяць і ў сваю будучую працу, і ў адносіны з людзьмі ўжо ў дарослым жыцці. Цяпер жа былыя выхаванцы Марыны Аляксандраўны з упэўненасцю сцвярджаюць: экалагічныя ўрокі не забываюцца. Разам яны ездзілі на балота, хадзілі ў паходы, пракладвалі новыя маршруты на веласіпедзе. І сёння, стаўшы ўжо дарослымі людзьмі сваю настаўніцу біялогіі ўспамінаюць з вялікай удзячнасцю і прызнаюцца, што з радасцю б прывялі да яе сваіх дзяцей,  каб і яны навучыліся бачыць, заўважаць і захоўваць прыгажосць роднага краю.

Ды і сама Марына Аляксандраўна экалагічнай дзейнасцю пачала займацца яшчэ будучы вучаніцай:

-З вялікім задавальненнем заўсёды наведвала школьнае лясніцтва, А беражлівыя адносіны да прыроды з самага ранняга дзяцінства прывівалі бацькі. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваю настаўніцу біялогіі Тамару Дзмітрыеўну Гайдучэнка і былых работнікаў лясніцтва Сямёна Сямёнавіча Ліманоўскага і Уладзіміра Іванавіча Пузікава. Нас, вучняў Германавіцкай школы, гэтыя людзі многаму навучы лі, прывілі любоў да лесу, да родных мясцін. І сёння ўжо я працягваю іх работу па экалагічнаму выхаванню ў школе, якую, у свой час, закончыла і сама. Са з’яўленнем у Германавічах сучаснага экалагічнага класа ў вясковых дзяцей з’явілася магчымасць вывучаць прыроду роднага  краю і праблемы экалогіі на дастаткова высокім узроўні. Паспяхова і якасна  арганізаваць гэту работу ў школе дапамагае ўвесь наш калектыў. Вельмі ўдзячна за падтрымку кіраўніцтву нашай навучальнай установы – Людміле Георгіеўне Маркевіч, Іне Сямёнаўне Пучынскай, Ганне Эдуардаўне Давідзян, а таксама сваім калегам-настаўніцам Святлане Міхайлаўне Лагун і Лідзіі Генадзьеўне Мядзелец, якія дапамаглі ўвасобіць у жыццё шмат цікавых экапраектаў. А дома заўсёды адчуваю падтрымку сям’і, дзяцей і мужа, якія дапамагаюць мне ва ўсіх справах і з разуменнем адносяцца да таго, што ў настаўніка – асаблівая прафесія, якая патрабуе шмат сіл і часу.

Са сваімі былымі вучнямі, якія пасля завяршэння вучобы вярнуліся працаваць у ААТ “Княж” Марына Аляксандраўна працягвае работу як спецыяліст , адказны за рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў калектыве. Рабочая моладзь у Германавічах сябруе са спортам –каманда ААТ “Княж” заўсёды дастойна прадстаўляла сваю гаспадарку на ўсіх раённых спаборніцтвах і святах. А сама гераіня гэтага матэрыялу ўвайшла ў лік пераможцаў на лепшую пастаноўку работы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі сярод працоўных калектываў раёна. Паспяхова займацца любімай справай, працаваць з моладдзю і разам з ёй паспяхова рэалізоўваць самыя цікавыя праекты: усё гэта для настаўніцы біялогіі з Германавіцкай сярэдняй школы – неад’емная частка яе жыцця. Пра гэта сведчыць і ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны – 2016”, лаўрэатам якога Марына Аляксандраўна Фёдарава стала ў мінулым годзе.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *