Якія рэчывы самыя значныя для нас з вамі? На першым месцы кісларод. Без паветра мы не зможам пражыць і пяці хвілін. На другім – вада. Без вады, у сярэднім, чалавек можа вытрымаць 10 дзён, у залежнасці ад клімату. Пры спякотным клімаце адлік можна лічыць гадзінамі. Вада для нас – такая звычайная рэч, і вельмі часта мы не задумваемся ні аб яе эканоміі, ні аб яе якасці і чысціні, ні аб тым, што вада – аснова жыцця чалавека. Вялікая ўвага вывучэнню вады ў нашай мясцовасці, а таксама захаванню водных рэсурсаў балота “Ельня” надаецца ў Германавіцкай сярэдняй школе, дзе работу з вучнямі ў гэтым напрамку праводзіць настаўніца біялогіі Марына Аляксандраўна Фёдарава. Дзякуючы сучаснаму экалагічнаму класу, адкрытаму ў навучальнай установе, заняткі праводзяцца на якасна новым узроўні, з выкарыстаннем новых тэхнічных сродкаў, методык і наглядных матэрыялаў.
Гэтай вясной школа стала адной з удзельніц так званай воднай эстафеты для школьнікаў – конкурсу заняткаў “Балтыйскае мора пачынаецца тут”. Згодна з яго ўмовамі 15 педагогаў сярэдніх школ і пазашкольных устаноў павінны былі спачатку прыняць свайго калегу з іншага рэгіёну ў сваёй школе з наборам стэндаў, а потым з гэтым жа камплектам нагляднасцяў выступіць у наступнай установе адукацыі. Сярод удзельнікаў пазакласнага інтэрактыўнага мерапрыемства — настаўнікі з Вілейскага, Мядзельскага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага, Дубровенскага, Магілёўскага, Чаускага, Барысаўскага, Бабруйскага, Слуцкага, Баранавіцкага і іншага рэгіёнаў, якія падчас сваіх адкрытых урокаў імкнуліся паказаць вучням, што за сувязь існуе паміж рэкамі і азёрамі Беларусі і Балтыйскім морам і якім чынам праблемы Балтыйскага мора звязаны з намі. Завяршаўся кожны ўрок тэмай “Што асабіста я магу зрабіць для зніжэння забруджвання вадаёмаў?”. Адказ на гэта і многія іншыя пытанні разам з Марынай Аляксандраўнай Фёдаравай і дырэктарам Германавіцкай СШ Людмілай Георгіеўнай Маркевіч шукалі вучні Башнеўскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна, дзе педагогі з нашага рэгіёну правялі свой адкрыты ўрок. А за некалькі дзён да гэтай падзеі Германавіцкую сярэднюю школу наведалі вучні і настаўнікі Нарачанскай сярэдняй школы № 1 Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, каб падчас адкрытага ўрока ў Германавічах разам пагаварыць аб праблемах вады ў рэгіёнах, абмяняцца вопытам і падзяліцца напрацоўкамі, пазнаёміцца з новымі інтэрактыўнымі метадамі навучання.
Акрамя таго, што конкурс заняткаў “Балтыйскае мора пачынаецца тут” з’яўляецца вельмі цікавым для педагогаў, якія ў розных куточках Беларусі вывучаюць водныя рэсурсы сваіх рэгіёнаў і шукаюць адказы на многія экалагічныя пытанні, цікавым гэты праект, безумоўна, стаў і для моладзі, вучняў 7-8 класаў, для якіх і праводзіліся адкрытыя ўрокі ў розных школах краіны.
Падчас адкрытага ўрока ў Германавіцкай школе прагучала пытанне “Што ж будзе на нашай планеце праз 100 гадоў?”. Безумоўна, сёння дакладна адказаць на гэта пытанне немагчыма. Але ўжо зараз, дзякуючы ініцыятыўнай настаўніцы біялогіі і тым новым магчымасцям, якія з’явіліся ў Германавічах з адкрыццём новага экакласа, з дзецьмі праводзіцца вялікая даследчая работа, цікавыя, змястоўныя ўрокі, у тым ліку і практычныя заняткі на прыродзе. Дзякуючы гэтаму хлопчыкі і дзяўчынкі добра ведаюць свой шаркаўшчынскі край, з вялікім інтарэсам вывучаюць яго прыроду, раслінны і жывёльны свет, экалагічныя праблемы, уласцівыя для нашага рэгіёну, і знаёмяць з імі мясцовае насельніцтва. І ўжо многія дарослыя людзі, назіраючы за той кіпучай дзейнасцю, што праводзяць удзельнікі школьнага экалагічнага клуба ў аграгарадку Германавічы, вучацца па іншаму адносіцца да прыроды роднага краю – больш беражліва, далікатна і ўважліва.