Святлана Клімза — у ліку пераможцаў раённага этапа конкурсу “Жывая класіка”

Актуальное

456Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з  Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, са Сталічным тэлебачаннем і Саюзам пісьменнікаў Беларусі напрыканцы зімы анансавалі вялікі творчы праект пад назвай “Жывая класіка”, які рэалізоўваецца ў 2017 годзе.

Правядзенне такога конкурсу — у нашай краіне не навінка. Ужо тры гады запар у межах нацыянальнага свята “Дзень беларускага пісьменства” праходзілі абласныя творчыя конкурсы, дзе лепшыя з лепшых чытальнікаў — нашы дзеці — з задавальненнем чыталі творы класічнай беларускай літаратуры, вершы, прозу.

У 2017 годзе адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У сувязі з гэтым плануецца больш плённая работа з нашай нацыянальнай літаратурай, а таксама работа па прапагандзе кнігі і чытання.

У нашым гарадскім пасёлку раённы конкурс юных чытальнікаў  “Жывая класіка” адбыўся ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 1 у першай палове красавіка. Яго дэвізам сталі словы: “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні з розных школ раёна, якія вельмі прыгожа, выразна і эмацыянальна прачыталі вершы вядомых беларускіх паэтаў на роднай мове.

— Такія чытанні ўзбагачаюць нас духоўна, і мы даведваемся шмат чаго новага пра нашых знакамітых паэтаў. Мне вельмі спадабалася. У наступных мерапрыемствах таксама буду прымаць удзел, — адзначыла адна з пераможцаў конкурсу, вучаніца 11-га класа Святлана Клімза — удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.

З самага дзяцінства дзяўчына захапляецца паэзіяй, сама піша вершы і нават песні. Яе творы неаднаразова друкаваліся не толькі ў нашай раённай газеце, але і на старонках некаторых рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *