Паспяхова выступілі шаркаўшчынскія таэквандысты на першынстве Віцебскай вобласці

Спорт

трэнер Ігар Іваноў і яго выхаванцы: Данііл Ландышка, Іван Хвяцковіч, Іван Кожан
трэнер Ігар Іваноў і яго выхаванцы: Іван Хаданёнак, Данііл Ландышка, Іван Хвяцковіч, Іван Кожан

Таэквандо сярод спартсменаў называюць яшчэ фехтаваннем нагамі. Сапраўды, у паядынку тэхнічныя прыёмы выконваюцца ў асноўным нагамі. А ўлічваючы апошнія тэндэнцыі развіцця таэквандо, калі спартсмен падчас паядынку выконвае на вышыні галавы некалькі тэхнічных прыёмаў з траекторыяй удараў зверху, знізу, злева і справа, пры гэтым не апускаючы высока паднятай ногі, — гэта сапраўды глядзіцца як фехтаванне.

Вось і 29 красавіка чатыры шаркаўшчынскія фехтавальшчыкі нагамі, чацвёрка нашых «мушкецёраў» прыняла ўдзел у першынстве Віцебскай вобласці па таэквандо сярод кадэтаў 2003—2005 гадоў нараджэння. І варта адзначыць, “фехтавалі” яны годна і ўсе чацвёра вярнуліся дадому «на кані» з медалямі і дыпломамі. Самы лёгкі з іх Іван Кожан, вучань 8 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1, выступаў у вагавай катэгорыі 41—45 кілаграм, атрымаў дзве перамогі і заваяваў бронзавы медаль. Іван Хаданёнок, вучань 7 класа Шаркаўшчынскай СШ № 2, праводзячы паядынкі ў гэтай жа вазе, пайшоў яшчэ далей і ўзняўся на “сярэбраную” прыступку.

Два васьмікласнікі СШ № 1— Данііл Ландышка і Іван Хвяцковіч — таксама выступалі ў адной вагавай катэгорыі 57—61 кілаграм. І калі раней да псіхалагічнай, валявой падрыхтоўкі Данііла ў трэнерскага штаба ўзнікалі пытанні, то на гэтых спаборніцтвах Ландышка выглядаў вельмі годна, пра што кажуць тры прыгожыя тэхнічныя прыёмы па шлеме саперніка ў яго першым паядынку. Змог ён таксама скласці годную канкурэнцыю і аднаму з лепшых таэквандыстаў Віцебшчыны, свайму калегу па камандзе, кандыдату ў майстры спорту Івану Хвяцковічу. Праўда, Іван свой паядынак з віцебскім спартсменам завяршыў датэрмінова ўжо ў першым раўндзе з лікам 26:6. Да радасці нашай каманды фінал у гэтай вазе быў чыста шаркаўшчынскім. У выніку Данііл Ландышка заняў другое месца, а Іван Хвяцковіч стаў чэмпіёнам і будзе абараняць гонар Віцебскай вобласці на рэспубліканскім першынстве. І мы жадаем яму ўдачы і годнага выступлення.

І. ІВАНОЎ,

трэнер-выкладчык, уладальнік чорнага пояса 3 дан



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *