
У Шаркаўшчынскім раённым аддзеле ўнутраных спраў нясуць службу восем участковых інспектараў міліцыі. Двое з іх працуюць у гарадскім пасёлку, астатнія шэсць — на тэрыторыі сельсаветаў раёна. У абавязкі ўчастковых уваходзяць штодзённая работа з грамадзянамі, ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў, супрацьстаянне алкагалізацыі насельніцтва, разгляд заяў і іншае.
З гэтымі службовымі задачамі паспяхова спраўляецца ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Георгіевіч Дарашчонак, які працуе на тэрыторыі Іёдскага сельскага Савета.
Яшчэ ў дзяцінстве мужчына марыў служыць у праваахоўных органах. Яго вабіла не толькі міліцэйская форма, але і магчымасць дапамагаць людзям. Таму адразу пасля тэрміновай службы ў арміі Сяргей Георгіевіч адзеў міліцэйскія пагоны. Пачатак праваахоўнай службы быў у горадзе Полацку, спачатку ў складзе патрульна-паставой службы, а затым у якасці ўчастковага інспектара.
Прыехаўшы ў родныя мясціны, ён зрабіў прапанову звязаць свае лёсы ў адзін мясцовай дзяўчыне Алесі. Так, у 2008 годзе Сяргей вяртаецца на малую радзіму, дзе і заступае на службу ў якасці ўчастковага інспектара міліцыі Іёдскага сельсавета. Маладой сям’і далі жыллё ў аграгарадку Іёды. У Сяргея і Алесі хутка нарадзілася першае дзіця — сын Алег.
— Ведаеце, самае складанае тое, што ў участковых інспектараў міліцыі няма такога паняцца, як “выхадны дзень”, — кажа Сяргей Георгіевіч. — У любы час сутак, у любое надвор’е трэба хутка спяшацца па выкліку, каб дапамагчы чалавеку вырашыць праблему. Але цяжкасці не палохаюць, а, наадварот, загартоўваюць волю і характар.
Праца ўчастковага інспектара міліцыі заснавана на цесным узаемадзеянні са школай, установамі медыцыны, культуры, са старэйшынамі аграгарадкоў і вёсак. Гэта прыносіць свае станоўчыя вынікі, бо менавіта з дапамогай сустрэч і сумесных гутарак з насельніцтвам, якія накіраваныя на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў, пад пільным кантролем знаходзіцца крымінагенная сітуацыя на тэрыторыі сельсавета.
— За час службы я ніколі не пашкадаваў пра тое, што стаў праваахоўнікам, — падзяліўся сваімі думкамі наш суразмоўца. — А гэта значыць, што свой жыццёвы шлях я выбраў правільна, як кажуць у народзе, аднойчы і назаўжды.
Нядаўна ў сям’і Сяргея і Алесі Дарашчонкаў нарадзілася дачушка Агнія. Віншуем тату з мамай з гэтай вельмі важнай падзеяй у іх жыцці і зычым ім сямейнага шчасця і дабрабыту!
Сяргей РАЙЧОНАК.